Святы Айцец сустрэўся з кіраўнікамі ўрадаў Грузіі і Латвіі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Пасля сустрэчы са Святым Айцом палітыкі правялі перамовы з кардыналам-дзяржсакратаром П’етра Паралінам, якога суправаджаў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, сакратар па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі. Пра тэмы, якія абмяркоўваліся ў Дзяржаўным сакратарыяце, паведаміла Зала Друку Апостальскай Сталіцы.
Падчас сустрэчы з грузінскім прэм’ерам адзначаліся добрыя адносіны паміж Святым Пасадам і Грузіяй і звярталася ўвага на некаторыя аспекты жыцця Каталіцкага Касцёла ў гэтай краіне. Бакі абмеркавалі пытанні, якія ўяўляюць узаемны інтарэс, у прыватнасці двухбаковыя адносіны, рэгіянальную сітуацыю і выклікі, на якія павінна адказаць Грузія.
Падчас візіту ў Дзяржсакратарыят прэм’ер-міністра Латвіі выказвалася задавальненне добрымі адносінамі паміж Святым Пасадам і Латвіяй, а таксама адзначаўся станоўчы ўклад хрысціянскай веры і дзейнасці Каталіцкага Касцёла ў латвійскае грамадства. Бакі закраналі пытанні рэгіянальнага і міжнароднага характару, з асаблівай увагай да перспектыў міру для заканчэння вайны ва Украіне.
