Леў XIV і Барталамей І: не ўжываць імя Бога для апраўдання гвалту

Хрысціяне перад выклікамі свету, надзея на адзіны дзень святкавання Вялікадня, заклік да міру і асуджэнне выкарыстання імя Бога для апраўдання гвалту – асноўныя тэмы сумеснай дэкларацыі Льва XIV і Барталамея І, падпісанай 29 лістапада 2025 года ў Стамбуле.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“У дзень перад святам святога апостала Андрэя Першазванага, брата апостала Пятра і нябеснага апекуна Канстанцінопальскага Патрыярхату, мы, Папа Леў XIV і Экуменічны Патрыярх Барталамей, шчыра дзякуем Богу, нашаму міласэрнаму Айцу, за дар гэтай братэрскай сустрэчы”, - такімі словамі пачынаецца дэкларацыя, якую Папа і Патрыярх падпісалі падчас сустрэчы ў рэзідэнцыі Экуменічнага Канстанцінопальскага Патрыярхату.

Каб усе былі адно

Прадстаяцелі пацвердзілі ўзаемнае жаданне працягваць рашуча крочыць шляхам дыялогу ў любові і праўдзе, у напрамку да аднаўлення поўнага адзінства паміж Цэрквамі. “Усведамляючы, што хрысціянскае адзінства – гэта не проста вынік чалавечых намаганняў, але дар, які прыходзіць звыш, мы заклікаем усіх членаў нашых Цэркваў – духавенства, манахаў, кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў – шчыра шукаць спаўнення малітвы, якую Езус Хрыстус узнёс да Айца: “Каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, і Я ў Табе... каб паверыў свет” (Ян 17,21)”, - гаворыцца ў дакуменце.

Падпісанне сумеснай дэкларацыі ў Стамбуле
Падпісанне сумеснай дэкларацыі ў Стамбуле   (@Vatican Media)

Разам шукаць адказы на выклікі часу

Леў XIV і Барталамей І спаслаліся на 1700-годдзе Нікейскага Сабора, падкрэсліваючы, што Сімвал веры, прыняты на ім, заклікае да адкрытасці “на таго самага Святога Духа, які гаварыў праз Нікею, калі мы сутыкаемся з мноствам выклікаў нашага часу”.

“Умацаваныя гэтым агульным вызнаннем веры, мы можам з узаемнай павагай супрацьстаяць нашым агульным выклікам, даючы сведчанне веры, выказанай у Нікеі, і з шчырай надзеяй разам працаваць над канкрэтнымі рашэннямі”, - напісалі яны.

Надзея на адзіны дзень святкавання Вялікадня

“Мы перакананы, што ўспамін гэтай значнай гадавіны можа натхніць новыя і адважныя крокі на шляху да адзінства. Сярод рашэнняў Нікейскага Сабора было і вызначэнне крытэрыяў для ўстанаўлення даты Вялікадня, агульнай для ўсіх хрысціянаў. Мы ўдзячныя Божаму Провіду за тое, што ў гэтым годзе ўвесь хрысціянскі свет святкаваў Вялікдзень у адзін дзень. Мы маем супольнае жаданне працягваць пошук магчымай формы, якая дазволіла б штогод адзначаць гэта Свята святаў разам. Мы спадзяёмся і молімся аб тым, каб усе хрысціяне “ўсёй мудрасцю і духоўным разуменнем” (Кал 1,9) прысвяцілі сябе працэсу, які прывядзе да супольнага святкавання слаўнага Уваскрасення нашага Пана Езуса Хрыста”, - гаворыцца ў дакуменце.

Прыняць плёны дыялогу і памнажаць іх

У дэкларацыі згадваецца таксама пра 60-годдзе сумеснай дэкларацыі Паўла VI і Патрыярха Афінагора, якая паклала канец узаемным экскамунікам 1054 года. “Мы заклікаем усіх, хто ўсё яшчэ вагаецца весці які-кольвечы дыялог, слухаць тое, што Дух гаворыць Цэрквам, бо ў сённяшніх гістарычных абставінах Ён заклікае нас прадставіць свету адноўленае сведчанне супакою, прымірэння і еднасці”, - напісалі Леў XIV і Барталамей І.

Папа і Патрыярх выказалі падтрымку дыялогу, які вядзецца паміж Цэрквамі, і заахвоцілі ўмацоўваць братэрскія кантакты, малітву і супольную працу ў тых сферах, дзе супрацоўніцтва ўжо магчыма. “Мы рашуча заклікаем усіх вернікаў нашых Цэркваў, асабліва духавенства і тэолагаў, з радасцю прыняць плёны, што былі дасягнуты дагэтуль, і працаваць дзеля іх далейшага памнажэння”, - гаворыцца ў дэкларацыі.

Абмен дарамі пасля падпісання сумеснай дэкларацыі
Абмен дарамі пасля падпісання сумеснай дэкларацыі   (@Vatican Media)

Хрысціянскае адзінства дзеля міру паміж народамі

“Мэта хрысціянскага адзінства ўключае ў сябе імкненне зрабіць асноўны і жыццядайны ўклад у мір паміж усімі народамі. Разам мы ўздымаем нашы галасы, горача просячы аб Божым дары міру для нашага свету. На вялікі жаль, у многіх рэгіёнах свету канфлікты і гвалт працягваюць забіраць жыцці многіх людзей. Мы звяртаемся да тых, хто мае грамадзянскую і палітычную адказнасць, зрабіць усё магчымае, каб неадкладна пакласці канец трагедыі вайны, і заклікаем усіх людзей добрай волі падтрымаць наш заклік”, - падкрэслілі Леў XIV і Барталамей І.

Імем Бога нельга апраўдваць гвалт

“У прыватнасці, мы рашуча адкідаем любое выкарыстанне рэлігіі і імя Бога для апраўдання гвалту. Мы верым, што сапраўдны міжрэлігійны дыялог, далёкі ад таго, каб быць крыніцай сінкрэтызму і блытаніны, з’яўляецца неабходнай умовай для мірнага суіснавання народаў розных традыцый і культур”, - напісалі Папа і Патрыярх, заклікаючы “усіх людзей добрай волі працаваць разам дзеля больш справядлівага і салідарнага свету і клапаціцца пра стварэнне, якое даверана нам Богам”. “Толькі так чалавечая сям’я здолее пераадолець абыякавасць, жаданне панавання, прагнасць да прыбытку і ксенафобію”, - гаворыцца ў сумеснай дэкларацыі.

Бог не пакідае чалавецтва

“Нягледзячы на глыбокую занепакоенасць сучаснай міжнароднай сітуацыяй, мы не губляем надзеі. Бог не пакіне чалавецтва. Айцец паслаў свайго Адзінароднага Сына, каб збавіць нас, а Сын Божы, наш Пан Езус Хрыстус, даў нам Духа Святога, каб зрабіць нас удзельнікамі свайго Боскага жыцця, захоўваючы і абараняючы святасць чалавечай асобы. Дзякуючы Духу Святому мы ведаем і адчуваем, што Бог з намі. Таму ў нашай малітве мы давяраем Богу кожнага чалавека, асабліва тых, хто мае патрэбу, хто перажывае голад, адзіноту або хваробу. Мы просім для кожнага члена чалавечай сям’і ўсялякіх ласкаў і благаслаўленняў, “заахвочаны іхнія сэрцы і злучаны ў любові дзеля ўсяго багацця паўнаты разумення, дзеля пазнання таямніцы Бога”, якой з’яўляецца наш Пан Езус Хрыстус (Кал 2,2)”, - падкрэслілі Леў XIV і Барталамей І.
 

29 лістапада 2025, 14:45