Губернатарат Дзяржавы Ватыкан Губернатарат Дзяржавы Ватыкан 

Папа змяніў норму аб складзе Камісіі па справах Дзяржавы Ватыкан

Апостальскім лістом у форме “motu proprio” Папа Леў XIV унёс змены ў нарматыўнае палажэнне, якое тычыцца структуры Папскай камісіі па справах Дзяржавы Ватыкан, замацаваўшы магчымасць прызначэння ў яе склад і на пасаду старшыні не толькі кардыналаў, але і іншых асоб.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Мэта дакумента – павысіць эфектыўнасць дзейнасці Губернатарата Дзяржавы Ватыкан, які выконвае сваю місію ў непасрэдным падпарадкаванні Пераемніку Пятра.

У тэксце адзначаецца, што ў адпаведнасці з Асноўным законам ад 13 мая 2023 года, Губернатарат ажыццяўляе форму супольнай адказнасці – communio. Гэты прынцып служэння Рымскай курыі, прапанаваны Францішкам і замацаваны ў Апостальскай канстытуцыі “Praedicate Evangelium” ад 19 сакавіка 2022 года, распаўсюджваецца і на структуры Дзяржавы-горада Ватыкан.

“Гэтая форма супольнай адказнасці робіць мэтазгоднай кансалідацыю некаторых рашэнняў, якія саспелі ў адказ на ўсё больш складаныя і надзённыя патрабаванні кіравання”, - гаворыцца ў Апостальскім лісце Льва XIV, які прыняў рашэнне аб карэкціроўцы Асноўнага закона.

Найбольш значная змена датычыцца Артыкула 8, першы пункт якога адмяняецца і замяняецца наступным: “Папская камісія па справах Дзяржавы Ватыкан складаецца з кардыналаў і іншых членаў, у тым ліку старшыні, якіх прызначае Вярхоўны Пантыфік на пяцігадовы тэрмін".

Дакумент, падпісаны 19 лістапада 2025 года, уступае ў сілу ў дзень публікацыі ў ватыканскай газеце “L’Osservatore Romano” і будзе ўключаны ў афіцыйны зборнік актаў Святога Пасада (Acta Apostolicae Sedis).

21 лістапада 2025, 12:17