Падчас сустрэчы Льва  XIV з украінскай дэлегацыяй, у якую ўвайшлі дзеці, вернутыя з Расіі Падчас сустрэчы Льва XIV з украінскай дэлегацыяй, у якую ўвайшлі дзеці, вернутыя з Расіі   (ANSA)

Леў XIV сустрэўся з украінскімі дзецьмі, вернутымі з Расіі

21 лістапада 2025 года Леў XIV прыняў на прыватнай аўдыенцыі ўкраінскую дэлегацыю. Сярод гасцей былі дзеці, вернутыя з Расіі дзякуючы праграме "Bring Kids Back UA", і іх сваякі.

Аляксандр Амяльчэня – Vatican News

Святы Айцец сустрэўся ў Апостальскім палацы з прадстаўнікамі Украіны пад кіраўніцтвам намесніцы кіраўніка Офіса Прэзідэнта Ірыны Верашчук. Асабліва кранальным момантам стала прысутнасць дзяцей, якія змаглі вярнуцца на Радзіму з Расіі ў рамках прэзідэнцкай ініцыятывы "Bring Kids Back UA". Разам з імі Ватыкан наведалі іх сваячкі – жанчыны, якія таксама перажылі няволю і нарэшце здабылі свабоду, вярнуўшыся дадому.

Падчас размовы Ірына Верашчук выказала глыбокую ўдзячнасць Пантыфіку за суперажыванне болю свайго народа і ўважлівае стаўленне да просьбаў аб дапамозе. Яна асабліва адзначыла штодзённыя гуманітарныя намаганні Святога Пасада, якія спрыяюць уз’яднанню падзеленых сем’яў.

Леў XIV з украінскай дэлегацыяй
Леў XIV з украінскай дэлегацыяй   (ANSA)

 

Прадстаўніца ўкраінскай улады звярнулася да Папы з просьбай аб далейшай падтрымцы ў няпростай справе вяртання дзяцей, вызвалення палонных і стварэння ўмоў, пры якіх кожны выгнаны вайной украінец змог бы зноў абняць сваіх блізкіх у родным доме.

Сустрэча мела не толькі дыпламатычны, але і глыбока малітоўны характар. Па прапанове Льва XIV, пасол Украіны пры Святым Пасадзе і Мальтыйскім ордэне Андрэй Юраш распачаў малітву "Ойча наш" на ўкраінскай мове, да слоў якой далучыліся ўсе прысутныя ў зале.

На памяць аб гэтым важным візіце дзеці ўручылі Святому Айцу свае малюнкі і дзве цішоткі з сімволікай Украіны. Пантыфік адказаў жэстам духоўнай блізкасці, падарыўшы кожнаму ўдзельніку сустрэчы ружанец.
 

22 лістапада 2025, 12:17