Суданская бежанка. Ілюстрацыйнае фота Суданская бежанка. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Святы Айцец: спыніць насілле ў Судане і Танзаніі

На заканчэнне сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”, якая прайшла 2 лістапада 2025 года на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане, Папа заклікаў спыніць насілле ў Судане і Танзаніі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“З вялікім болем я сачу за трагічнымі навінамі, што прыходзяць з Судану, асабліва з горада Эль-Фашэр у шматпакутным Паўночным Дарфуры. Бязлітаснае насілле над жанчынамі і дзецьмі, напады на безабаронных мірных жыхароў і сур’ёзныя перашкоды для гуманітарнай дзейнасці прыносяць непрымальныя пакуты насельніцтву, ужо знясіленаму доўгімі месяцамі канфлікту”, - сказаў Святы Айцец.

Леў XIV заклікаў маліцца, “каб Пан прыняў памерлых, падтрымаў тых, хто церпіць, і дакрануўся да сэрцаў адказных”. “Я зноў скіроўваю гарачы заклік да ўсіх бакоў, якія ўдзельнічаюць у супрацьстаянні, аб спыненні агню і неадкладным адкрыцці гуманітарных калідораў. Заклікаю таксама міжнародную супольнасць рашуча і велікадушна ўмяшацца, каб аказаць дапамогу і падтрымаць тых, хто прысвячае сябе справе ратавання іншых”, - заахвоціў Папа.

“Молімся таксама за Танзанію, дзе пасля нядаўніх палітычных выбараў успыхнулі сутыкненні з мноствам ахвяр. Заклікаю ўсіх пазбягаць усялякіх формаў гвалту і ісці шляхам дыялогу”, - дадаў Пантыфік.
 

02 лістапада 2025, 12:28