Папа: абараняць хрысціянскае бачанне чалавечай працы
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Дарагія сябры, праца павінна быць крыніцай надзеі і жыцця, якое дазваляла б выяўляць творчасць асобы і яе здольнасць рабіць дабро. Таму я заклікаю да сумесных намаганняў з боку дзяржаўных структур і грамадзянскай супольнасці дзеля стварэння сапраўдных магчымасцяў для занятасці, якія забяспечвалі б стабільнасць і годнасць, перадусім даючы маладым людзям магчымасць рэалізаваць свае мары і ўносіць свой уклад у агульнае дабро”, - сказаў Святы Айцец.
Вітаючы вернікаў з Польшчы, Пантыфік заўважыў, што пілігрымкі прадстаўнікоў свету працы ў Рым маюць у гэтай краіне доўгую традыцыю. “Іх натхненнем было вучэнне святога Яна Паўла ІІ і яго энцыкліка “Laborem exercens”, а таксама дзейнасць благаслаўлёнага ксяндза Ежы Папялушкі, капелана “Салідарнасці”. Вяртайцеся да гэтых крыніц, каб з надзеяй адказваць на “новыя з’явы”, адстойваючы хрысціянскае бачанне чалавечай працы”, -заклікаў Леў XIV.
