Боль свету ў словах Папы: ад Украіны да Афрыкі і Перу
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Пасля нядзельнай марыйнай малітвы 16 лістапада 2025 года Папа звярнуўся да вернікаў, сабраных на Плошчы Святога Пятра ў Ватыкане. Ён выказаў заклапочанасць лёсам хрысціян, якія ў розных частках свету зазнаюць дыскрымінацыю і пераслед.
Пантыфік узгадаў, у прыватнасці, Бангладэш, Нігерыю, Мазамбік і Судан, адкуль рэгулярна прыходзяць весткі пра напады на супольнасці вернікаў і месцы культу, нагадваючы, што “Бог – міласэрны Айцец і хоча міру паміж усімі сваімі дзецьмі”.
Святы Айцец скіраваў свой позірк на Афрыку, узгадаўшы пра сем’і ў Ківу ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга. У выніку тэрарыстычнага нападу там адбылася разня мірных жыхароў, ахвярамі якой сталі прынамсі 20 чалавек. Папа заклікаў да малітвы аб спыненні ўсялякага насілля і аб супрацоўніцтве вернікаў дзеля агульнага дабра.
Асаблівы боль у словах Пантыфіка прагучаў у кантэксце “шматпакутнай Украіны”. Ён з сумам сочыць за навінамі пра напады, якія працягваюць закранаць шматлікія ўкраінскія гарады, у тым ліку Кіеў. Гэтыя атакі прыводзяць да ахвяр і раненняў, сярод якіх ёсць дзеці, і наносяць велізарную шкоду грамадзянскай інфраструктуры, пакідаючы сем’і без жылля на парозе зімовых халадоў. “Мы не можам прызвычайвацца да вайны і разбурэння”, - падкрэсліў Папа, заклікаючы да супольнай малітвы аб справядлівым і трывалым міры.
Леў XIV запэўніў у сваёй малітоўнай памяці аб ахвярах буйной дарожна-транспартнай аварыі, якая адбылася ў мінулую сераду, 12 лістапада 2025 года, на поўдні Перу. Ён пажадаў, каб Пан прыняў памерлых, падтрымаў параненых і суцешыў сем’і, якія знаходзяцца ў жалобе.
У гэты дзень Папа таксама заклікаў памятаць пра ўсіх загінулых у дарожных аварыях, часта выкліканых безадказнымі паводзінамі, і заахвоціў кожнага зрабіць на гэты конт рахунак сумлення.
