Пантыфік: пасхальная надзея – дар і ласка Уваскрослага

Хрысціянская надзея не абмяжоўваецца зямным гарызонтам, а сягае далей – да Бога, - падкрэсліў Леў XIV падчас святой Імшы за Папу Францішка, кардыналаў і біскупаў, якія адышлі ў вечнасць цягам года.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Эўхарыстычная цэлебрацыя адбылася 3 лістапада 2025 года пры Алтары Кафедры ў Базіліцы Святога Пятра з нагоды ўспаміну ўсіх памерлых вернікаў, які днём раней адзначаўся ў Касцёле.

Цэлебрацыя з водарам хрысціянскай надзеі

На пачатку гаміліі, Пантыфік асаблівым чынам згадаў свайго папярэдніка, Папу Францішка, “які памёр пасля таго, як адкрыў Святую Браму і ўдзяліў Рыму і свету велікоднае благаслаўленне”. “Дзякуючы Юбілею гэтая цэлебрацыя – першая для мяне – набывае асаблівы водар: водар хрысціянскай надзеі”, - сказаў ён.

Святы Айцец пракаментаваў евангельскі ўрывак пра вучняў з Эмаўса, падкрэсліўшы, што ў ім паказана “пілігрымаванне надзеі, якое праходзіць праз сустрэчу з уваскрослым Хрыстом”.

Гвалтоўная смерць – страшная, бо знявечана грахом

“Зыходным пунктам з’яўляецца досвед смерці, і ў яе найгоршай форме: калі нявіннае жыццё абрываецца гвалтоўна, пакідаючы пасля сябе адчай, роспач і безвыходнасць”, - адзначыў Пантыфік, дадаўшы, што таксама ў нашы дні многія “малыя” перажываюць “траўму такой смерці – страшнай, бо знявечанай грахом”. Бог не хоча такой смерці і паслаў Свайго Сына ў свет, каб выбавіць нас ад яе, - адзначыў Святы Айцец.

Уваскрослы дорыць новую надзею

Пантыфік заўважыў, што, калі вучні з Эмаўса распазналі Хрыста пры ламанні хлеба, у іх сэрцах запалала вера і новая надзеяй – не тая, якую яны мелі раней, але пасхальная, якая ёсць дарам і ласкай Уваскрослага. “Як жыццё ўваскрослага Езуса больш не такое, як раней, але цалкам новае, створанае Айцом моцай Духа, так і надзея хрысціяніна” – гэта “не людская надзея”, а надзея, якая “грунтуецца выключна і поўнасцю на тым факце, што Укрыжаваны ўваскрос і аб’явіўся Сымону, жанчынам і іншым вучням”, - падкрэсліў Святы Айцец. “Гэта надзея, якая не абмяжоўваецца зямным гарызонтам, а сягае далей – да Бога, да той вышыні і глыбіні, з якой ўзнялося Сонца, прыходзячы асвяціць тых, хто знаходзіцца ў цемры і цені смерці”, - дадаў Папа.

Мы не смуткуем як тыя, хто страціў надзею

“Вядома, мы смуткуем, калі блізкі чалавек пакідае нас. Нас узрушае да глыбіні душы, калі жыццё чалавека, асабліва дзіцяці, такога далікатнага і безабароннага, абрываецца з-за хваробы ці, што яшчэ горш, з-за жорсткасці іншых людзей. Як хрысціяне, мы пакліканы несці з Хрыстом цяжар гэтых крыжоў. Але мы не смуткуем, як тыя, хто страціў надзею, бо нават самая горкая смерць не зможа ўтрымаць нашага Пана ад таго, каб прыняць нашы душы ў Свае абдымкі і перамяніць нашы тленныя целы, нават самыя знявечаныя, на падабенства Яго праслаўленага цела”, - сцвердзіў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што з прычыны гэтай надзеі хрысціяне не называюць могілкі словам “некропаль”, што значыць “горад мёртвых”, але ўспрымаюць іх як месцы, дзе памерлыя спачываюць у чаканні ўваскрасення.

Спачылыя сведкі і настаўнікі хрысціянскай надзеі

Пантыфік падкрэсліў, што Папа Францішак, кардыналы і біскупы, у інтэнцыі якіх цэлебравалася Эўхарыстыя, жылі гэтай новай, велікоднай надзеяй, сведчылі пра яе і вучылі ёй. “Пан паклікаў іх і паставіў пастырамі ў сваім Касцёле, а яны вялі многіх шляхамі Евангелля з мудрасцю, якая паходзіць ад Хрыста. Няхай іх душы будуць абмытыя ад усякай плямы і няхай яны ззяюць, як зоркі на небе”, - сказаў Леў XIV, выказаўшы пажаданне, каб нас, яшчэ пілігрымаў на зямлі, у цішыні малітвы дасягнула іх духоўная падтрымка.
 

03 лістапада 2025, 12:00