Апостальскае падарожжа: Леў XIV прыбыў у Анкару
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
27 лістапада 2025 года, апоўдні, самалёт з Пантыфікам на борце прызямліўся ў міжнародным аэрапорце Анкары-Эсенбога. Такім чынам распачаўся першы этап яго візіту, які ахопіць Турцыю і Ліван.
Ля трапа самалёта Святога Айца сустракаў прадстаўнік урада. Двое дзяцей у традыцыйных строях уручылі Папу кветкі. Пасля прадстаўлення афіцыйных дэлегацый і цырымоніі з удзелам ганаровай варты адбылася кароткая сустрэча Пантыфіка з міністрам у зале для ганаровых гасцей аэрапорта.
Адразу з аэрапорта Папа накіраваўся ў Маўзалей Атацюрка, заснавальніка сучаснай Турэцкай Рэспублікі. Там адбылася цырымонія ўскладання вянка. Пасля групавога фотаздымка з дэлегацыяй Святы Айцец зрабіў запіс у Кнізе ганаровых гасцей і наведаў музей, прысвечаны Атацюрку і гісторыі Рэспублікі.
Пазней адбудзецца візіт ветлівасці ў Прэзідэнцкі палац, дзе запланавана сустрэча Льва XIV з Прэзідэнтам Рэспублікі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам.
