Форум у Грыгарыянскім універсітэце. Ілюстрацыйнае фота Форум у Грыгарыянскім універсітэце. Ілюстрацыйнае фота 

Пасланне да “Builders AI Forum 2025”: тэхналогіі дзеля Евангелля

Леў XIV звярнуўся да ўдзельнікаў Форуму “Builders AI 2025” у Папскім Грыгарыянскім універсітэце, заклікаўшы арыентаваць новыя тэхналогіі на годнасць асобы і агульнае дабро.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Пантыфік падзякаваў арганізатарам і ўсім, хто даследаваннямі, прадпрымальніцтвам і душпастырскай канцэпцыяй дапамагае, каб тэхналогіі служылі чалавеку і місіі Касцёла, а не толькі дэманстравалі свае магчымасці.

Ён падкрэсліў, што штучны інтэлект, як і кожнае чалавечае вынаходніцтва, паходзіць з творчай здольнасці, даверанай Богам, таму кожнае інжынернае рашэнне мае маральную і духоўную вагу і выяўляе бачанне чалавека.

Папа нагадаў, што праца з тэхналогіямі не павінна замыкацца ў лабараторыях і інвестыцыйных партфелях, але быць глыбока касцельнай справай. Ён прывёў прыклады: алгарытмы для каталіцкай адукацыі, інструменты спагадлівай аховы здароўя, творчыя платформы, што расказваюць хрысціянскую гісторыю з праўдай і прыгажосцю, – усё дзеля евангелізацыі і інтэгральнага развіцця кожнага чалавека.

На заканчэнне Леў XIV даверыў працу форуму заступніцтву Марыі, Сталіца Мудрасці, пажадаў, каб штучны інтэлект адлюстроўваў задуму Божага Стварыцеля – быў разумным, ствараў сувязі і кіраваўся любоўю, і благаславіў удзельнікаў як знак надзеі для ўсёй чалавечай сям’і.
 

07 лістапада 2025, 10:55