Ад наркотыкаў да інтэрнэту: Святы Айцец пра новыя залежнасці
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У відэазвароце да ўдзельнікаў італьянскай VII Нацыянальнай канферэнцыі па праблематыцы залежнасцей Святы Айцец адзначыў, што да традыцыйных бед, такіх як наркотыкі і алкаголь, дадаліся новыя выклікі: кампульсіўныя азартныя гульні, парнаграфія і пастаянная прысутнасць у сеціве.
На думку Льва XIV, гэта знешнія праявы ўнутранага дыскамфорту і сацыяльнага заняпаду каштоўнасцей, якія робяць моладзь асабліва ўразлівай. Ён падкрэсліў, што страх перад будучыняй штурхае маладых людзей да самаізаляцыі.
Пантыфік заклікаў Касцёл, дзяржаўныя інстытуты і ўсё грамадства да супольных дзеянняў. Шлях да вырашэння гэтых праблем, паводле Папы, ляжыць праз умацаванне самаацэнкі новых пакаленняў, стварэнне для іх магчымасцей для працы, адукацыі, спорту і духоўнага развіцця, фарміруючы такім чынам культуру салідарнасці, якая супрацьстаіць эгаізму.
