Леў XIV: паглядзець на хворага вачыма Бога, а не алгарытмаў
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
17 лістапада 2025 года Папа прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў “Семінара па этыцы ў кіраванні аховай здароўя”, арганізаванага пад эгідай Папскай акадэміі жыцця. Ён назваў сустрэчу не проста мерапрыемствам, а пілігрымкай у кантэксце Юбілейнага года, падчас якой Касцёл прымае яе ўдзельнікаў як “пілігрымаў надзеі”.
Пантыфік звярнуў увагу на тое, што такія эфектыўныя інструменты, як штучны інтэлект, могуць быць зманіпуляванымі і накіраванымі на стварэнне часам незаўважнай прадузятасці ў інфармацыі і кіраванні. Гэта адбываецца з эканамічных, палітычных ці іншых інтарэсаў.
Такім чынам, паводле Папы, людзі трапляюць у “злосную маніпуляцыю, якая класіфікуе іх у залежнасці ад неабходнага лячэння і яго кошту, характару іх хвароб, ператвараючы іх у аб’екты, даныя, статыстыку”. Гэта супярэчыць абавязку абараняць годнасць кожнага чалавека на ўсіх этапах яго існавання.
Спосаб пазбегнуць гэтага, на думку Пантыфіка, – “змяніць наш позірк”, паглядзець з шырокай перспектывы, “як глядзіць Бог”. Гэта азначае адмову ад неадкладнага прыбытку на карысць таго, што будзе лепшым для ўсіх. Гэта патрабуе цярплівасці, велікадушнасці і салідарнасці, стварэння сувязей і будавання мастоў для аптымізацыі рэсурсаў.
Адначасова, падкрэсліў Леў XIV, гэтае шырокае бачанне ніколі не павінна быць адарваным ад чалавечага дотыку, “пяшчоты, прызнання канкрэтнай асобы ў яе далікатнасці і годнасці”. Гэты глыбокі позірк, які “дасягае сэрца іншага і пашырае наша ўласнае”, з’яўляецца лепшым проціяддзем, каб кіраўнічыя структуры не згубілі з поля зроку самае важнае: дабро, якое мы пакліканы ахоўваць.
