Папа ў Стамбуле: мудрасць пажылых людзей – скарб грамадства

Падчас візіту ў пансіянат для пажылых у Стамбуле Леў XIV нагадаў пра сапраўдную сутнасць хрысціянскай любові і важнасць пашаны да старэйшага пакалення, назваўшы яго скарбам народаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У пятніцу раніцай, 28 лістапада 2025 года, праграма апостальскага падарожжа Святога Айца ў Турцыю працягнулася кранальнай сустрэчай у стамбульскім пансіянаце для пажылых.

Фота Папы з Малымі сёстрамі бедных
Фота Папы з Малымі сёстрамі бедных   (@Vatican Media)

Гэтай установай ужо больш за стагоддзе апякуюцца Малыя сёстры бедных – манаская супольнасць, заснаваная святой Жаннай Жуган у 1839 годзе, якая сёння нясе служэнне ў больш чым трыццаці краінах свету. Папу, якога ля ўваходу сустрэла настаяцельніца супольнасці, правялі ў капліцу, дзе яго чакалі жыхары дома, персанал і дабрачынцы – усяго каля ста чалавек.

Быць побач, а не проста працаваць для іншых

Звяртаючыся да прысутных пасля слоў прывітання, Леў XIV падзяліўся двума кароткімі думкамі. Першая з іх тычылася самой назвы кангрэгацыі – "Малыя сёстры бедных". Папа заўважыў, што гэтае імя нясе ў сабе глыбокі сэнс: Пан паклікаў манахінь не проста дапамагаць бедным, але быць ім менавіта сёстрамі.

Падчас візіту Папы да пажылых людзей каталіцкага пансіяната
Падчас візіту Папы да пажылых людзей каталіцкага пансіяната   (@Vatican Media)

"Вы павінны быць як Езус, якога Айцец паслаў не толькі каб дапамагчы і паслужыць нам, але і каб стаць нашым братам", - падкрэсліў Пантыфік. Ён патлумачыў, што сакрэт хрысціянскай міласэрнасці палягае ў тым, каб "перад тым як быць “для” іншых, спачатку быць “з” іншымі" у адзінстве, заснаваным на братэрстве.

Мудрасць супраць эфектыўнасці

Другая думка Святога Айца была прысвечана самім жыхарам дома – пажылым людзям. Папа з горыччу канстатаваў, што ў сучасным свеце слова "стары" рызыкуе страціць сваё праўдзівае значэнне.

У грамадстве, дзе часта пануюць крытэрыі эфектыўнасці і матэрыялізму, павага да старэйшых часам знікае. Леў XIV супрацьпаставіў гэтаму біблейскае бачанне: "Святое Пісанне і добрая традыцыя вучаць нас, што людзі сталага ўзросту – гэта мудрасць народа, скарб для ўнукаў, сям'і і грамадства ў цэлым".

Падчас візіту Папы ў стамбульскі пансіянат для пажылых людзей
Падчас візіту Папы ў стамбульскі пансіянат для пажылых людзей   (@Vatican Media)

Завяршаючы сустрэчу, Папа выказаў падзяку дому, які прымае людзей у духу братэрства і клапоціцца пра тых, хто ўжо прайшоў доўгі жыццёвы шлях.

Прызнаючы, што гэтае служэнне патрабуе шмат цярпення і малітвы, Пантыфік удзяліў прысутным сваё благаслаўленне. Візіт завяршыўся подпісам у Кнізе ганаровых гасцей, абменам падарункамі і супольным фотаздымкам на памяць аб гэтай цёплай сустрэчы.
 

28 лістапада 2025, 09:41