Папа Леў XIV паабедае з 1300 беднымі ў Ватыкане
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Мерапрыемства з’яўляецца часткай сустрэчы ў межах Святога года, на якую ў Рым прыбудуць каля 10 тысяч пілігрымаў з усяго свету. Гэта пераважна людзі, якія знаходзяцца ў цяжкіх жыццёвых абставінах, а таксама ўдзельнікі касцельных сацыяльных ініцыятыў.
Святая Імша з удзелам Пантыфіка распачнецца ў 10.00 у Базіліцы Святога Пятра, пасля чаго адбудзецца сумесны абед у ватыканскай Зале Паўла VI.
Папа Леў XIV працягвае традыцыю свайго папярэдніка. Папа Францішак, які ў 2017 годзе заснаваў Сусветны дзень бедных, таксама неаднаразова абедаў з патрабуючымі ў гэты дзень.
Мэтай ініцыятывы з’яўляецца заахвочванне Касцёла “выходзіць за свае абмежаванні”, каб сустрэцца з беднасцю ва ўсіх яе шматлікіх праявах у сучасным свеце. Гэта не першы такі жэст цяперашняга Пантыфіка: у сярэдзіне жніўня ён ужо абедаў з некалькімі дзясяткамі патрабуючых у Кастэль-Гандольфа.
Арганізацыяй нядзельнага абеду займаецца Дыкастэрыя па міласэрным служэнні. Пасля яго кожны госць атрымае ў падарунак заплечнік з прадметамі першай неабходнасці.
