Тэхналогіі і сумленне: Папа пра выклікі штучнага інтэлекту
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У Рыме праходзіць III Форум па рэлігійнай свабодзе, прысвечаны актуальнай тэме "Штучны інтэлект і рэлігійная свабода: правы, этыка і інавацыі".
З гэтай нагоды Дзяржсакратар Яго Святасці, кардынал П’етра Паралін, накіраваў тэлеграму на імя міністра замежных спраў Італіі Антоніа Таяні. У дакуменце перадаюцца цёплыя словы і благаслаўленне ад Папы Льва XIV.
Пантыфік выказвае надзею на тое, што дыскусіі на форуме паспрыяюць інстытуцыйным намаганням па забеспячэнні "эфектыўнай рэлігійнай свабоды" і развіццю "паважлівай і канструктыўнай сустрэчы паміж рознымі рэлігійнымі супольнасцямі".
Асаблівая ўвага ў тэксце надаецца мяжы паміж прагрэсам і этыкай. Леў XIV падкрэслівае, што штучны інтэлект павінен стаць "дзейснай дапамогай грамадству". Аднак, паводле меркавання Папы, існуе непарушная ўмова: выкарыстанне такіх інавацый не павінна "закранаць ідэнтычнасць і годнасць чалавечай асобы і яе фундаментальныя свабоды".
