Базіліка святога Бенедыкта ў італьянскай Норчыі пасля рэканструкцыі Базіліка святога Бенедыкта ў італьянскай Норчыі пасля рэканструкцыі  (ANSA)

Папа: базіліка ў Норчыі – сімвал надзеі пасля землятрусу

У італьянскай Норчыі адбылася ўрачыстая цырымонія асвячэння базілікі святога Бенедыкта, адноўленай пасля разбуральнага землятрусу 2016 года. Пасланне Папы зачытаў кардынал П’етра Паралін.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Увечары 31 кастрычніка 2025 года арцыбіскуп Рэната Бакарда, пастыр дыяцэзіі Спалета-Норчыя, узначаліў святую Імшу з нагоды паўторнага асвячэння і афіцыйнага адкрыцця базілікі святога Бенедыкта. Гэтая падзея стала кульмінацыяй шматгадовых намаганняў па аднаўленні храма, сур’ёзна пашкоджанага ў выніку землятрусу ў 2016 годзе.

На заканчэнне літургіі Дзяржаўны сакратар Яго Святасці кардынал П’етра Паралін зачытаў пасланне ад Льва XIV. Пантыфік духоўна далучыўся да ўрачыстасці, падзяляючы агульную радасць з нагоды вяртання супольнасці гэтай святыні, дарагой для жыхароў рэгіёна.

Папа выказаў удзячнасць усім, хто спрычыніўся да рэканструкцыі: дзяржаўным і мясцовым установам, праекціроўшчыкам, рабочым і прыватным асобам, якія з "настойлівасцю і выдатнай самаадданасцю" падтрымлівалі гэты доўгачаканы праект не толькі ў Умбрыі, але і ва ўсёй Італіі і за яе межамі.

У пасланні падкрэсліваецца, што аднаўленне базілікі, якая мае вялікую гістарычную і мастацкую каштоўнасць, а таксама з'яўляецца "жывым цэнтрам бенедыктынскай духоўнасці", стала бачным знакам на шляху рэлігійнага адраджэння ўсёй дыяцэзіяльнай супольнасці на працягу апошніх гадоў.

Леў XIV выказаў надзею на тое, што гэтая радасная падзея ажывіць веру хрысціянскага народа. Просячы аб шчодрых нябесных дарах для арцыбіскупа Бакарда, прадстаўнікоў улады, святароў, кансэкраваных асоб і ўсіх прысутных, Святы Айцец з радасцю ўдзяліў сваё апостальскае благаслаўленне.
 

01 лістапада 2025, 09:52