Папа: новы гуманізм – выклік для свету камунікацыі і бізнесу
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Сустракаючыся 7 лістапада 2025 года з членамі Кансультатыўнай рады Акадэміі RCS – Вышэйшай школы падрыхтоўкі ў галінах журналістыкі, эканомікі, камунікацыі і прадпрымальніцтва, Папа скіраваў да іх слова заахвочвання ў працы над стварэннем новага гуманізму ў лічбавую эпоху.
Ён падкрэсліў важнасць дыскусіі на тэму адносін паміж этыкай і штучным інтэлектам, а таксама таго, як камунікацыя можа заставацца на службе людзей, а не ператварацца ў сістэму алгарытмаў, якія проста ўзнаўляюць чалавечыя развагі як даныя, без сумлення і свядомасці.
Адукацыя – ключ да новага гуманізму
Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што адукацыя з'яўляецца фундаментальным элементам, які актывізуе і трансфармуе роўную годнасць усіх людзей, спрыяючы іх рэальнаму ўдзелу ў жыцці грамадства на мясцовым і глабальным узроўнях.
Менавіта таму, паводле яго слоў, адукацыя ў сферы лічбавых тэхналогій і крытычнага стаўлення да штучнага інтэлекту мае вырашальнае значэнне і не можа разглядацца асобна ад інтэгральнага развіцця асобы і супольнасцей. Гэта дапаможа пазбегнуць новых форм дэгуманізацыі і маніпуляцыі, дзе пад выглядам клопату можа хавацца эксплуатацыя, а хлусня выдавацца за праўду.
Папа акрэсліў падвойную задачу, якая стаіць перад работнікамі медыя: з аднаго боку, адказна інфармаваць, а з другога – даваць аўдыторыі магчымасць крытычна ацэньваць інфармацыю, адрозніваючы факты ад меркаванняў і праўдзівыя навіны ад фальшывых. У гэтым працэсе, як адзначыў ён, ключавую ролю адыгрываюць буйныя кампаніі, якія пакліканы быць не проста мецэнатамі, але і актыўнымі ўдзельнікамі.
Не бізнес дзеля бізнесу, а служэнне справядлівасці
Леў XIV аспрэчыў папулярны выраз “Business is business!”, падкрэсліваючы, што сапраўдны гуманізм немагчымы без крытычнага мыслення і смеласці задаваць пытанні пра глыбінны сэнс уласных дзеянняў: “Куды мы ідзём? Для каго і для чаго мы працуем? Як мы робім свет лепшым?”. Такія развагі, на думку Папы, патрабуюць мужнасці і дальнабачнасці, бо “няма будучыні без справядлівасці”.
Ён звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што эканоміка камунікацыі не можа і не павінна аддзяляць свой лёс ад лёсу праўды. Празрыстасць крыніц і ўласнасці, падсправаздачнасць, якасць, яснасць і аб’ектыўнасць – гэта ключы, якія адкрываюць для ўсіх народаў сапраўднае права на грамадзянства.
Абяззброіць словы, каб будаваць будучыню
У сваёй прамове Пантыфік нагадаў словы Папы Францішка з яго паслання да дырэктара газеты “Corriere della Sera”, у якім той заклікаў “абяззброіць словы, каб абяззброіць розум і абяззброіць Зямлю”. Гэтыя словы з'яўляюцца заклікам да адказнасці і сумленнасці ў выкананні сваіх прафесійных абавязкаў дзеля супольнага будавання інфармацыі будучыні.
На заканчэнне Леў XIV падкрэсліў, што свету патрэбны сумленныя і мужныя прадпрымальнікі і работнікі сферы камунікацыі, якія клапоцяцца пра агульнае дабро.
Папа пажадаў сваім слухачам заўсёды ўсведамляць сваю ролю і глядзець далей за вузкі гарызонт імгненных выгод, якія насамрэч збядняюць будучыню, чэрпаючы натхненне з Евангелля Хрыста, якое заўсёды застаецца добрай навіной для свету.
