Мансеньёр Аляксандр Рагіня, саветнік нунцыятуры ў Грузіі і Арменіі, падчас размовы з Папам Львом XIV Мансеньёр Аляксандр Рагіня, саветнік нунцыятуры ў Грузіі і Арменіі, падчас размовы з Папам Львом XIV  (@Vatican Media)

Пантыфік – святарам-дыпламатам: не губляйце каранёў

Леў XIV сустрэўся з святарамі-дыпламатамі, якія працуюць у апостальскіх нунцыятурах. Ён заклікаў іх быць закаханымі ў Хрыста сведкамі надзеі, захоўваючы святарскую ідэнтычнасць.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі супрацоўнікаў дыпламатычнага корпуса, якія нясуць служэнне ў папскіх прадстаўніцтвах па ўсім свеце. Сустрэча адбылася 17 лістапада 2025 года ў кантэксце Юбілею Надзеі, з нагоды якога святары-дыпламаты прыбылі ў Рым як пілігрымы, каб умацаваць веру і аднавіць свае абавязацельствы. Папа выказаў радасць ад першай сустрэчы з імі ў такім шырокім складзе.

Служэнне святароў-дыпламатаў – гэта сведчанне пастырскай руплівасці Папы

Пантыфік назваў служэнне дыпламатаў нялёгкім, паколькі яно патрабуе "палымянага сэрца да Бога і адкрытага да людзей", а таксама вучобы, самаадрачэння і мужнасці.

Ён звярнуў асаблівую ўвагу на тых, хто працуе ва ўмовах цяжкасцей, канфліктаў і беднасці, заклікаючы іх умацоўваць сваю святарскую ідэнтычнасць праз сакрамэнты, братэрскую камунію і паслухмянасць Духу Святому.

Агульнае фота з святарамі-дыпламатамі, якія працуюць у апостальскіх нунцыятурах
Агульнае фота з святарамі-дыпламатамі, якія працуюць у апостальскіх нунцыятурах   (@VATICAN MEDIA)

Папа заклікаў святароў быць адлюстраваннем любові і блізкасці Пантыфіка да кожнай мясцовай супольнасці, захоўваючы жывое пачуццё еднасці з Касцёлам (sentire cum Ecclesia).

Святы Айцец заахвоціў дыпламатаў будаваць адносіны з усімі, супраціўляючыся спакусе ізаляцыі, і быць "прышчэпленымі да цела Касцёла і гісторыі народаў", сярод якіх яны служаць. Ён падкрэсліў, што інкультурацыя – гэта не "фальклорны падыход", а плён жадання прысвяціць сябе зямлі і людзям.

Захоўваць сувязь з родным Касцёлам – значыць не стаць “дрэвам без каранёў”

Леў XIV звярнуў увагу на важнасць захавання сувязі з мясцовым Касцёлам, з якога паходзяць святары, бо страта гэтага пачуцця прыналежнасці вядзе да дэматывацыі. Калі ж дрэва не перастае атрымліваць жыццёвы сок, яно, нават перасаджанае ў іншае месца, можа прыносіць новыя плады.

Леў XIV сустрэўся з святарамі-дыпламатамі, якія працуюць у апостальскіх нунцыятурах
Леў XIV сустрэўся з святарамі-дыпламатамі, якія працуюць у апостальскіх нунцыятурах   (@VATICAN MEDIA)

У хвіліны цяжкасцей Папа параіў умацоўваць сваю матывацыю словамі святога Аўгустына: "Pondus meum, amor meus" ("Мая вага – гэта мая любоў").

У кожным папскім прадстаўніцтве ёсць капліца, дзе Дух Божы прамаўляе да сэрца, адзначыў Пантыфік. Ён заклікаў святароў штодня чэрпаць сілы з Эўхарыстыі і малітвы, каб быць "соллю зямлі і святлом свету".

На заканчэнне Леў XIV пажадаў дыпламатам быць "пілігрымамі надзеі", асабліва там, дзе людзям не хапае справядлівасці і міру.
 

17 лістапада 2025, 17:17