Леў XIV да настаяцеляў: не замяняйце адносіны экранамі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У прамове да ўдзельнікаў 104‑й Асамблеі Аб’яднання вышэйшых настаяцеляў Папа нагадаў, што аснова кансэкраванага жыцця – не праекты і структуры, а асабістая сустрэча з Богам. Ён падкрэсліў, што малітва – гэта прастора, дзе сэрца адкрываецца на Божую сяброўскую блізкасць, якая лечыць, перамяняе і распальвае да місіі, асабліва ў кантэксце Юбілейнага года, прысвечанага надзеі.
Вярнуцца да таго, што сапраўды важна
Леў XIV папярэдзіў аб рызыцы, калі законнік пачынае адчуваць сябе кіраўніком шматлікай структуры, а не вучнем, які жыве з веры: тады вера гасне пад ціскам эфектыўнасці, страху і кампрамісаў. Святы Айцец заклікаў настаяцеляў дапамагаць супольнасцям вяртацца да “сэрца, палаючага Богам”, каб менавіта з малітвы нараджалася кожная душпастарская ініцыятыва і супольнае распазнанне.
Пераходзячы да тэмы братэрства, Папа назваў ордэны і кангрэгацыі “харызматычнымі целамі”, дзе ўсіх яднае адна чалавечнасць, адна вера і адна прыналежнасць да Хрыста. Ён нагадаў канцэпцыю Касцёла як “мы”, мацнейшага за суму індывідуалізмаў, і падкрэсліў духоўную вагу такіх інструментаў, як капітулы, рады, кананічныя візітацыі і фармацыйныя сустрэчы.
Лічбавы свет: дапамога, але не заменнік
Асобны блок прамовы Папа прысвяціў выкліку лічбавай культуры, якая можа быць як вялікай магчымасцю для місіі, так і пагрозай для жывых адносін. Ён адзначыў, што лічбавыя сродкі дазваляюць дасягаць тых, хто далёка ад супольнасцей, але становяцца праблемай, калі “віртуальная сувязь” замяняе рэальную прысутнасць, слуханне і падзел жыцця.
Леў XIV папрасіў настаяцеляў сачыць, каб тэхнічныя сродкі не разбуралі братэрства: важная школа камуніі – капітулы, рады, сустрэчы – не можа быць зведзена выключна да фармату “на адлегласці”.
На заканчэнне Пантыфік заклікаў з мудрасцю спалучаць “новае і старое”, не закапваючы новыя таленты, якія Бог давярае Касцёлу, і запэўніў законнікаў у сваёй малітве і благаслаўленні.
