Леў XIV: маліцца за хрысціян у рэгіёнах, ахопленых канфліктамі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Молімся, каб хрысціяне, якія жывуць у рэгіёнах, ахопленых войнамі і канфліктамі, асабліва на Блізкім Усходзе, былі насеннем міру, паяднання і надзеі”, - агучыў Леў XIV сваю інтэнцыю ў відэароліке, які 26 лістапада 2025 года апублікавала Папская сусветная сетка малітвы.
Прамаўляючы словы малітвы Папа пажадаў, каб нават акружаныя болем, яны ніколі не перасталі адчуваць пяшчотную дабрыню Божай прысутнасці і малітву сваіх братоў і сясцёр у веры.
Святы Айцец нагадаў, што толькі дзякуючы Божай дапамозе і, умацаваныя братэрскімі повязямі, хрысціяне ў зонах канфліктаў могуць стаць “насеннем паяднання, будаўнікамі надзеі праз малыя і вялікія ўчынкі, здольнымі прабачаць і ісці наперад, пераадольваць падзелы і шукаць справядлівасці ў духу міласэрнасці”.
“Пане Езу, Які назваў шчаслівымі тых, хто працуе дзеля міру, зрабі нас Тваімі прыладамі міру нават там, дзе гармонія здаецца немагчымай. Духу Святы, крыніца надзеі ў самыя цёмныя моманты, падтрымай веру тых, хто церпіць, і ўмацуй іх надзею. Не дазволь нам упасці ў абыякавасць і зрабі нас будаўнікамі адзінства, як Езус”, - памаліўся Пантыфік.
