Наступствы тайфуну "Фунг-Вонг" на Філіпінах Наступствы тайфуну "Фунг-Вонг" на Філіпінах  (AFP or licensors)

Папа моліцца за пацярпелых ад тайфуну і ахвяр бамбардзіровак

Напрыканцы нядзельнай малітвы “Анёл Панскі”, якая 9 лістапада 2025 прайшла на Плошчы святога Пятра ў Ватыкане, Папа падзякаваў усім, хто працуе дзеля міру, і паўтарыў свой заклік спыніць агонь.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Святы Айцец выказаў сваю глыбокую ўдзячнасць тым, хто на ўсіх узроўнях працуе над пабудовай міру ў розных рэгіёнах, пацярпелых ад вайны. “У апошнія дні мы маліліся за памерлых. Сярод іх, на жаль, шмат тых, хто загінуў у баях і бамбардзіроўках, хоць яны былі мірнымі жыхарамі, дзецьмі, пажылымі людзьмі, хворымі. Калі мы сапраўды жадаем ўшанаваць іх памяць, неабходна спыніць агонь і імкнуцца да перамоў”, - заклікаў Леў XIV.

Пантыфік выказаў сваю блізкасць да філіпінцаў, якія пакутуюць ад тайфуну. “Дарагія браты і сёстры! Мае думкі з жыхарамі Філіпін, якія пацярпелі ад моцнага тайфуну. Я малюся за загінулых і членаў іх сем'яў, за параненых і перамешчаных асоб”, - сказаў ён.

Папа таксама нагадаў пра Дзень падзякі, які святкуе Касцёл у Італіі. “Я далучаюся да паслання біскупаў, якія заахвочваюць да адказнага стаўлення да тэрыторыі, барацьбы з харчовымі адходамі і прыняцця ўстойлівых метадаў вядзення сельскай гаспадаркі”, - падкрэсліў Леў XIV, заклікаючы дзякаваць Богу за Маці Зямлю і за тых, хто яе апрацоўвае і захоўвае.

09 лістапада 2025, 13:31