Папа прыняў іспанскіх біскупаў: дыялог пра шлях Касцёла у краіне
Марыя Валодзіна - Vatican News
17 лістапада 2025 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане выканаўчую камісію Канферэнцыі Біскупаў Іспаніі. Падчас сустрэчы, якая доўжылася каля гадзіны, абмяркоўваліся пытанні евангелізацыі, абароны непаўналетніх і аднаўлення духоўнага пошуку, асабліва сярод моладзі.
Абвяшчэнне Евангелля і хрысціянскае навяртанне
Як паведаміў пасля аўдыенцыі старшыня епіскапату, арцыбіскуп Луіс Аргуэльё, гаворка ішла пра розныя этапы, праз якія праходзіць іспанскі Касцёл. Сярод асноўных тэм — моцнае жаданне абвяшчаць Евангелле; выклікі хрысціянскага навяртання; арганізацыя дыяцэзій; прыбыццё вернікаў з іншых краін; удзел свецкіх вернікаў у грамадскім жыцці; скарачэнне пакліканняў да манаскага жыцця; прыбыццё новых святароў з Лацінскай Амерыкі і Афрыкі.
Прыхільнасць абароне ахвяр злоўжыванняў
На аўдыенцыі абмяркоўвалася таксама ініцыятыва іспанскага Касцёла па прадухіленні злоўжыванняў і кампенсацыі шкоды пацярпелым у тых выпадках, калі судовы разгляд немагчымы або злачынца памёр. Для гэтага была створана спецыяльная камісія па кампенсацыі, якая эфектыўна дапамагае ахвярам, - растлумачыў арцыбіскуп Аргуэльё.
Льва XIV таксама праінфармавалі пра сітуацыю з біскупам Кадыса і Сеўты Рафаэлем Сарносам, якога абвінавачваюць у злоўжываннях, здзейсненых у 1990-х гадах, калі ён узначальваў семінарыю ў Хетафэ. На думку старшыні іспанскага епіскапату, у найбліжэйшы час біскуп Зарноза можа падаць у адстаўку.
Запрашэнне ў Іспанію
Іспанскія біскупы запрасілі Святога Айца наведаць Іспанію. "Мы выйшлі з аўдыенцыі з надзеяй на тое, што візіт Папы можа адбыцца ў недалёкі час, каб ён мог азнаёміцца з некаторымі жывымі рэаліямі нашага Касцёла", - адзначыў арцыбіскуп Аргуэльё.
Іерарх дадаў, што Леў XIV добра ведае пра адраджэнне цікавасці да духоўнага і рэлігійнага жыцця, асабліва сярод моладзі. У параўнанні з мінулым годам павялічылася колькасць семінарыстаў. Расце попыт на духоўныя практыкаванні і рэтрыты, а таксама на хрост з боку дарослых.
Евангелізацыя ў постсекулярызаваным грамадстве
Арцыбіскуп Аргуэльё падкрэсліў, што гэтыя сігналы ўпісваюцца ў больш шырокі кантэкст грамадства, якое "больш не толькі секулярызаванае, але, верагодна, постсекулярызаванае". “У гэтай сітуацыі з'яўляюцца новыя формы пошуку, і сярод іх духоўныя", - дадаў ён.
На аўдыенцыі таксама абмяркоўваліся іншыя тэмы, такія як Юбілей, асабліва Юбілей моладзі, які адбыўся ў пачатку жніўня 2025 года. Дэлегацыя падарыла Папе Біблію ў афіцыйным перакладзе біскупскай канферэнцыі, два выпускі часопіса “Ecclesia”, прысвечаных яго постаці, а таксама ахвяраванне на дабрачыннасць.
Сустрэча з кардыналам Паралінам
Пасля аўдыенцыі іспанскія біскупы таксама сустрэліся з кардыналам П'етра Паралінам. Сустрэча дала магчымасць абмеркаваць "адкрытыя пытанні ў адносінах Касцёла і іспанскай дзяржавы", з улікам нядаўніх перамоў Дзяржсакратара з міністрам юстыцыі, а таксама з Прэзідэнтам Пэдра Санчэсам ў кулуарах Cop30 у Бразіліі.
