Папскі Латэранскі ўніверсітэт Папскі Латэранскі ўніверсітэт 

Папа адкрые навучальны год у Латэранскім універсітэце

14 лістапада 2025 года Пантыфік наведае Папскі Латэранскі ўніверсітэт, дзе ўзначаліць урачыстае адкрыццё навучальнага года і сустрэнецца са студэнтамі і выкладчыкамі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Як гаворыцца ў паведамленні ўніверсітэта, прысутнасць Святога Айца з’яўляецца знакам асаблівай увагі да акадэмічнай супольнасці і яе місіі, якая заключаецца ў падрыхтоўцы новых пакаленняў студэнтаў у духу цэласнага развіцця, паглыблення тэалагічных, філасофскіх і юрыдычных даследаванняў і дыялогу паміж верай і культурай.

Ва ўрачыстасці “Dies Academicus” прымуць удзел вялікі канцлер універсітэта, кардынал Бальдасарэ Рэйна, рэктар арцыбіскуп Альфонса Амарантэ, прадстаўнікі адміністрацыі і шматлікія госці з касцёльнага і культурнага асяроддзя.

Апошні папскі візіт у Латэранскі ўніверсітэт адбыўся 26 сакавіка 2019 года, калі Папа Францішак нечакана ўзначаліў велікапоснае разважанне, прысвяціўшы яго ўрыўку з кнігі прарока Данііла.

Папскі Латэранскі ўніверсітэт – адзін з найстарэйшых папскіх універсітэтаў Рыма. Ён непасрэдна падпарадкоўваецца Святому Пасаду, а яго вялікім канцлерам з’яўляецца кардынал вікарый Рымскай дыяцэзіі. У 2023-2024 навучальным годзе ў ім навучаліся 1137 студэнтаў і працавалі 139 выкладчыкаў. У яго структуру ўваходзяць факультэты тэалогіі і філасофіі, Інстытут права (Institutum Utriusque Iuris), факультэты кананічнага і грамадзянскага права, Інстытут душпастырства "Redemptor Hominis", спецыяльныя курсы па навуках аб міры і міжнародным супрацоўніцтве, а таксама па экалогіі і ахове навакольнага асяроддзя. Таксама ў склад універсітэта ўваходзяць некаторыя інстытуты, такія як Папскі інстытут вышэйшай маральнай тэалогіі "Альфонсіяна", Папскі тэалагічны інстытут "Аўгусцініянум" і Папскі інстытут тэалогіі кананічнага жыцця "Кларэціянум".

12 лістапада 2025, 11:46