Леў XIV – пілігрымам з Латвіі: у неспакойны час чэрпаць сілу з веры

Звяртацца да Бога і ўмацоўвацца Яго ласкай перад абліччам хваляванняў, выкліканых канфліктам у рэгіёне – да гэтага заклікаў Пантыфік пілігрымаў з Латвіі, з якімі сустрэўся ў Апостальскім палацы.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

24 лістапада 2025 года Папа прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане духавенства і вернікаў з Латвіі, якія прыбылі ў Рым у межах агульнанацыянальнай пілігрымкі, прымеркаванай да Святога года і 100-годдзя першай афіцыйнай латвійскай пілігрымкі ў Вечны горад. “Прыемна бачыць, што вы захоўваеце жывой гэту традыцыю пілігрымак і што крочыце шляхам вашых продкаў у веры”, - сказаў Пантыфік, пажадаўшы сваім гасцям плённага наведвання святых месцаў.

Звяртацца да Бога і ўмацоўвацца Яго ласкай

Леў XIV заўважыў, што Францішак падчас візіту ў Латвію ў 2018 годзе, прымеркаванага да 100-годдзя незалежнасці краіны, узгадваў цяжкасці, перажытыя ёй у мінулым. “У той час як актуальны канфлікт у вашым рэгіёне можа вяртаць успаміны пра тыя неспакойныя часы, для нас важна звяртацца да Бога і быць умацаванымі Яго ласкай, калі знаходзімся перад абліччам падобных хваляванняў”, - адзначыў Папа.

Памятаць, што нашы карані – у небе

Святы Айцец падкрэсліў, што надзея – галоўная тэма Юбілею – “не азначае валодання ўсімі адказамі, але перш за ўсё запрашае нас давяраць Богу і наследаваць Хрыста”. “У сваёй прамове ў прэзідэнцкім палацы мой папярэднік казаў пра фундаментальную ролю, якую адыграла хрысціянская вера ў гісторыі вашай краіны, і нават цытаваў Зэнту Маўрыню, якая пісала, што вашы карані знаходзяцца “ў небе”. Па гэтай прычыне я ўдзячны за тое, што сувязі паміж Латвіяй і Святым Пасадам сталі больш блізкімі ў апошнія гады”, - дадаў Пантыфік.

Пілігрымка – магчымасць атрымаць супакой, якога свет не можа даць

Папа заклікаў пілігрымаў злучыць сваю надзею з цнотай веры, каб, углядаючыся ў сучаснасць, бачыць, што Бог працягвае спасылаць шматлікія благаслаўленні і сёння. “У гэтым сэнсе пілігрымка грае важную ролю ў нашым духоўным жыцці, бо дае нам час і месца для больш глыбокай сустрэчы з Богам. Яна аддаляе нас ад руціны і шуму штодзённасці і адкрывае прастору цішыні, каб ясней пачуць Божы голас. Таму заахвочваю вас выкарыстаць гэту магчымасць для малітвы і адкрыцца на Божую ласку, каб яна магла ўмацаваць вашу веру і адарыць тым супакоем, якога свет не можа даць”, - сказаў Святы Айцец.

Быць крыніцай радасці і надзеі

Пантыфік таксама нагадаў, што пілігрымка не завяршаецца з вяртаннем дадому – яе зерні павінны прарастаць у штодзённым наследаванні Пана і прыносіць плён у жыцці. “Такім чынам Касцёл у Латвіі і надалей будзе крыніцай радасці і надзеі для ўсіх латышоў”, - падкрэсліў Леў XIV, даручыўшы пілігрымаў матчынаму заступніцтву Багародзіцы.
 

24 лістапада 2025, 13:05