Папа Леў XIV падчас Юбілейнай аўдыенцыі ў Ватыкане Папа Леў XIV падчас Юбілейнай аўдыенцыі ў Ватыкане

Леў XIV: сведчыць, што зямля можа быць падобнай да неба

“Мець надзею – значыць сведчыць, што зямля сапраўды можа быць падобнай да неба. І гэта пасланне Юбілею”, - падкрэсліў Леў XIV падчас Юбілейнай аўдыенцыі, якая прайшла 8 лістапада 2025 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Пантыфік нагадаў гісторыю жыцця благаслаўлёнага Ісідара Баканджы, свецкага верніка, які жыў на мяжы XIX-ХХ стагоддзяў у Конга і пакінуў яскравае сведчанне хрысціянскай веры, надзеі і прабачэння, каштоўнае для ўсяго Каталіцкага Касцёла.

Папа заўважыў, што Юбілей – гэта час ласкі і нагода змяніцца. У гэтым сэнсе ён прыгадаў як апостал Павел заклікаў вернікаў Карынта ўбачыць перамену, якая адбылася сярод іх: зямля ўжо пачала нагадваць неба, бо Бог аб’яднаў людзей, якія інакш ніколі б не сустрэліся.

“Тыя, хто былі найбольш пакорнымі і найменш магутнымі, цяпер сталі каштоўнымі і важнымі. Крытэрыі Бога, Які заўсёды пачынае з найменшых, ужо ў Карынце былі “землятрусам”, які не разбурае, а хутчэй абуджае свет. Слова Крыжа, пра якое сведчыць Павел, абуджае сумленне і годнасць кожнага чалавека”, - сказаў Леў XIV.

“Дарагія браты і сёстры, мець надзею – значыць сведчыць: сведчыць пра тое, што ўсё ўжо змянілася, што ўсё не так, як было раней. Вось чаму сёння я хацеў бы пагаварыць з вамі пра сведку хрысціянскай надзеі ў Афрыцы. Яго завуць Ісідар Баканджа – з 1994 года ён прылічаны да ліку благаслаўлёных і з’яўляецца заступнікам свецкіх вернікаў Конга. Нарадзіўшыся ў 1885 годзе, калі яго краіна была бельгійскай калоніяй, ён не хадзіў у школу, бо ў яго горадзе яе не было, а стаў вучнем муляра. Ён пасябраваў з каталіцкімі місіянерамі, манахамі-трапістамі: яны распавялі яму пра Езуса, і ён, ва ўзросце каля дваццаці гадоў, пагадзіўся прытрымлівацца хрысціянскіх настаўленняў і прыняць хрост. З гэтага моманту яго сведчанне станавілася ўсё больш яскравым. Мець надзею – значыць сведчыць: калі мы сведчым пра новае жыццё, святло ўзмацняецца нават пасярод цяжкасцей”, - сказаў Папа.

Леў XIV нагадаў, што Ісідар працаваў на плантацыі нядобрасумленнага еўрапейца, які ненавідзеў хрысціянства і місіянераў, што абаранялі правы карэннага насельніцтва ад злоўжыванняў каланізатараў. Нягледзячы на здзекі юнак працягваў жыць згодна са сваёй верай, выяўляючы асаблівую пабожнасць да Панны Марыі праз нашэнне на шыі шкаплеру. Паміраючы ад наступстваў катаванняў ён сказаў трапістам, што не адчувае гневу і будзе маліцца за сваіх мучыцеляў у замагільным жыцці.

“Гэта, дарагія браты і сёстры, слова Крыжа. Гэта жывое слова, якое разрывае ланцугі зла. Гэта новы від сілы, які рассейвае пыхлівых і скідвае магутных з іх тронаў. Так нараджаецца надзея. Часта старажытныя Касцёлы на Паўночным паўшар’і атрымліваюць ад маладых Касцёлаў гэта сведчанне, якое натхняе іх ісці разам да Валадарства Божага, якое ёсць Валадарствам справядлівасці і міру. Афрыка, у прыватнасці, заклікае да гэтага навяртання і робіць гэта, даючы нам шмат маладых сведкаў веры. Мець надзею – значыць сведчыць, што зямля сапраўды можа быць падобнай да неба. І гэта пасланне Юбілею”, - завяршыў катэхезу Святы Айцец.
 

08 лістапада 2025, 10:49

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >