Леў XIV здзейсніў малітоўны візіт у армянскую катэдру Стамбула

Поўная еднасць – не паглынанне або дамінаванне, а хутчэй абмен дарамі, якімі Святы Дух надзяліў Цэрквы, - нагадаў Леў XIV падчас сустрэчы з армянскай супольнасцю Стамбула.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Працягваецца апостальскае падарожжа у Турцыю з нагоды 1700-годдзя Нікейскага Сабора. Раніцай 30 лістапада 2025 года Папа здзейсніў малітоўны візіт у армянскі катэдральны сабор Стамбула, дзе прывітаў Патрыярха Саака II і вернікаў Армянскага Патрыярхата.

Пры ўваходзе ў катэдру яго сустракаў Армянскі Патрыярх Канстантынопальскі. У храме пасля спеву і малітвы Пантыфік і Саак II абмяняліся прывітальнымі словамі.

Святы Айцец запэўніў Патрыярха ў сваім вялікім задавальненні з нагоды візіту ў славуты сабор, які ўжо не раз прымаў яго папярэднікаў. Ён перадаў сваё братэрскае прывітанне Каталікосу Карэкіну II, а таксама іерархам, духавенству і ўсёй армянскай супольнасці Стамбула і Турцыі.

Гэтая сустрэча дае магчымасць “падзякаваць Богу за мужнае хрысціянскае сведчанне армянскага народа на працягу ўсёй гісторыі, нярэдка ў трагічных абставінах”, - падкрэсліў Леў XIV, адзначаючы ўсё больш цесныя братэрскія сувязі паміж Армянскай Апостальскай Царквой і Каталіцкім Касцёлам.

Юбілей Нікейскага Сабора нагадвае хрысціянам пра агульны сімвал веры. Менавіта з гэтай агульнай веры неабходна чэрпаць моц, каб аднавіць тое адзінства, якое існавала паміж Рымскім Касцёлам і старажытнымі Усходнімі Цэрквамі ў першыя стагоддзі. Поўная еднасць не азначае паглынання або дамінавання, а хутчэй абмен дарамі, якімі Святы Дух надзяліў Цэрквы, - нагадаў Папа. Ён выказаў спадзяванне на хуткае аднаўленне працы сумеснай Міжнароднай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Усходнімі Праваслаўнымі Цэрквамі.

Пантыфік нагадаў аб тым, што на шляху да адзінства абедзьве Царквы суправаджаюць шматлікія сведкі, такія як святы Нерсес IV Шнаралі, вялікі паэт і каталікос XII стагоддзя, які рупліва працаваў дзеля прымірэння і ўвасаблення малітвы Хрыста, “каб усе былі адно”.
Напрыканцы прамовы Папа падзякаваў Патрыярху Сааку II за цёплы прыём і запэўніў у сваёй “шчырай адданасці святой справе хрысціянскага адзінства”.

30 лістапада 2025, 08:03