Папа Леў XIV. Ілюстрацыйнае фота Папа Леў XIV. Ілюстрацыйнае фота

Пантыфік да моладзі: не бойцеся сведчыць, што вы – хрысціяне

“Езус кліча вас быць сведкамі адзінства, будаўнікамі мастоў і сейбітамі даверу ў свеце, часта пазначаным падзеламі і недаверам”, - сказаў Папа ў відэапасланні да ўдзельнікаў сустрэчы моладзі ў славацкім горадзе Кошыцы.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Паходзячы з розных краін, але аб’яднаныя адной верай, вы сваёй прысутнасцю становіцеся жывым знакам братэрства і спакою, які сяброўства з Хрыстом улівае ў нашыя сэрцы”, - сказаў Леў XIV маладым католікам, якія сабраліся перад кошыцкай катэдрай святой Альжбеты.

“Езус кліча вас быць сведкамі адзінства, будаўнікамі мастоў і сейбітамі даверу ў свеце, часта пазначаным падзеламі і недаверам. Не бойцеся сведчыць, што вы – хрысціяне, жыць Евангеллем з запалам і дзяліцца радасцю, якая нараджаецца ад сустрэчы з Панам”, - заахвоціў Пантыфік.

Леў XIV заклікаў юнакоў і дзяўчат памятаць і несці іншым яго словы з паслання на 40-ы Сусветны дзень моладзі: “У кожнай сітуацыі нашага жыцця мы пераконваемся, што ніколі не застаёмся самотнымі, бо як дзеці мы заўсёды любімыя, прабачаныя і падтрыманыя Богам”. “Менавіта ўпэўненасць у гэтым робіць вас свабоднымі, узносіць над абыякавасцю і натхняе любіць з адкрытым і шчодрым сэрцам”, - запэўніў Святы Айцец.

“Будзьце сведкамі гэтай радасці! Нясіце святло Хрыста ў свае сем’і, школы, універсітэты, на месцы працы і ў супольнасці. Такім чынам маладое аблічча Касцёла будзе і надалей ззяць у сэрцы Цэнтральнай Еўропы, дзе вера вашых айцоў і сёння застаецца крыніцай новага жыцця. З любоўю ўдзяляю вам Апостальскае благаслаўленне і даручаю кожнага апецы Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Касцёла і Каралевы спакою”, - сказаў Папа.
 

09 лістапада 2025, 08:30