Трэці дзень падарожжа ў Турцыю: Папа наведаў Блакітную мячэць

Трэці дзень падарожжа ў Турцыю Леў XIV пачаў з візіту ў Мячэць Султана Ахмеда, вядомую таксама як Блакітная мячэць – першы па значнасці мусульманскі храм Стамбула.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Папа наведаў Мячэць Султана Ахмеда раніцай 29 лістапада 2025 года ў суправаджэнні кіраўніка Дыянету – Упраўлення па рэлігійных справах Турцыі. Яго візіт прайшоў “у цішыні, у духу роздуму і слухання, з глыбокай павагай да гэтага месца і да веры тых, хто збіраецца там на малітве”, - паведаміла Зала Друку Апостальскай Сталіцы.

Святы Айцец агледзеў багата ўпрыгожаны храм і выслухаў аповед пра яго гісторыю. Пры ўваходзе ён зняў абутак, як і іншыя члены дэлегацыі.

Візіт у Блакітную мячэць у Стамбуле
Візіт у Блакітную мячэць у Стамбуле   (ANSA)

Блакітная мячэць, адзін з галоўных сімвалаў Стамбула, была пабудавана паміж 1609 і 1617 гадамі султанам Ахмедам І на месцы Вялікага палацу ў Канстанцінопалі. Яе будаўніцтва было падрабязна апісана ў васьмі тамах, што захоўваюцца ў бібліятэцы Тапкапы.

Візіт у Блакітную мячэць у Стамбуле

Назва храма – “Блакітная” – паходзіць ад 21 042 бірузовых керамічных плітак на сценах і купале. Мячэць мае шэсць мінарэтаў, высокае скляпенне і добрае натуральнае асвятленне: промні сонца трапляюць у храм праз 260 вокнаў.

Візіт Льва XIV стаў знакам пашаны да прымаючай краіны, 99 працэнтаў насельніцтва якой складаюць мусульмане. У 2014 годзе, таксама 29 лістапада, гэта месца наведваў яго папярэднік, Францішак, а ў 2006 годзе – Бэнэдыкт XVI.

Візіт у Блакітную мячэць у Стамбуле
Візіт у Блакітную мячэць у Стамбуле   (@Vatican Media)
29 лістапада 2025, 09:58