Папа Леў XIV і Раберта Беніньі Папа Леў XIV і Раберта Беніньі 

Беніньі прадставіў Папу сваю новую працу пра святога Пятра

4 снежня 2025 года Леў XIV прыняў у Ватыкане Раберта Беніньі. Італьянскі акцёр і рэжысёр прадставіў Папу сваю новую працу – фільм-маналог пра апостала Пятра.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Як цудоўна, ён кажа пра любоў”, - пракаментаваў Святы Айцец урыўкі з фільма, якія паглядзеў у Апостальскім палацы разам са знакамітым комікам. Прэм’ера стужкі пад назвай “Пётр, чалавек на ветры” (Pietro, un uomo nel vento) адбудзецца ў прайм-тайм 10 снежня 2025 года на першым канале італьянскага грамадскага тэлебачання Rai1.

Падчас сустрэчы Леў XIV і Раберта Беніньі паразмаўлялі пра кіно, у прыватнасці пра фільм “Жыццё цудоўнае” (La vita è bella), за які Беніньі атрымаў “Оскар” у 1999 годзе і які Святы Айцец некалькі тыдняў таму згадаў як адзін са сваіх чатырох самых любімых фільмаў.

Іншая стужка, якую Папа абмеркаваў з італьянскім акцёрам – калядны амерыканскі фільм 1946 года “Гэтае цудоўнае жыццё” рэжысёра Фрэнка Капры. Ён таксама ўваходзіць у чацьвёрку любімых фільмаў Пантыфіка.

Леў XIV і Раберта Беніньі за праглядам фільма-маналога "Пётр, чалавек на ветры"
Леў XIV і Раберта Беніньі за праглядам фільма-маналога "Пётр, чалавек на ветры"

Гаворка ішла таксама пра жыццё святога апостала Пятра, пра Дантэ Аліг’еры і яго “Боскую камедыю”, пра святога Аўгустына і яго “Споведзь”, паведаміла Зала Друку Апостальскай Сталіцы.

У сустрэчы бралі ўдзел: Паола Руфіні, прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі; кіраўнік “Vatican Media” Стэфана Д’Агасціна; генеральны дырэктар “Rai” Джампаола Росі; і крэатыўны дырэктар “Stand by Me” Сымона Эркалані – прадстаўніца кампаніі, якая разам з “Vatican Media” займалася стварэннем фільма-маналога “Пётр, чалавек на ветры”.
 

05 снежня 2025, 09:51