Візіт у манастыр кармелітак у Харысе Візіт у манастыр кармелітак у Харысе  (@Vatican Media)

Папа Леў XIV у Ліване: візіт да кармелітак усходняга абраду ў Харысе

На завяршэнне першага дня свайго прабывання ў Ліване Леў XIV здзейсніў кароткі візіт, не прадугледжаны афіцыйнай праграмай яго падарожжа: ён наведаў манастыр кармелітак усходняга абраду ў Харысе.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Святы Айцец накіраваўся да манахінь адразу пасля сустрэчы з прадстаўнікамі ўладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса, якая прайшла 30 лістапада 2025 года ў Прэзідэнцкім палацы ў Бейруце.

Візіт Льва XIV працягваўся каля паўгадзіны. Папа асабіста прывітаў кожную з манахінь і нагадаў пра значэнне трох слоў, якія ляжаць у аснове іх паклікання: пакора, малітва і ахвяра. Сустрэча завяршылася супольнай малітвай “Ойча наш” і благаслаўленнем усім прысутным.

Візіт у манастыр кармелітак у Харысе
Візіт у манастыр кармелітак у Харысе   (ANSA)

Харыса – духоўны цэнтр ліванскай каталіцкай супольнасці. Горад знаходзіцца за 20 кіламетраў ад Бейрута і вядомы перадусім сваім марыйным санктуарыем, заснаваным у 1904 годзе з нагоды 50-годдзя абвяшчэння догмата аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі.

У 1962 годзе у Харысе быў урачыста адкрыты манастыр Кармель Маці Божай і Адзінства – манаская супольнасць кармелітак усходняга абраду, асаблівая місія якіх – малітва аб адзінстве хрысціян. Манастыр адыгрывае важную ролю ў экуменічнай дзейнасці кармеліцкага ордэна. Падчас сваіх падарожжаў у Ліван яго наведвалі Ян Павел ІІ і Бэнэдыкт XIV.

Візіт у манастыр кармелітак у Харысе
Візіт у манастыр кармелітак у Харысе   (ANSA)
01 снежня 2025, 10:33