Пантыфік даручыў ліванскі народ заступніцтву святога Шарбэля
Марыя Валодзіна - Vatican News
1 снежня 2025 года ў рамках апостальскага падарожжа ў Ліван Леў XIV здзейсніў пілігрымку ў манастыр святога Марона, дзе памаліўся на магіле святога Шарбэля.
У сваёй прамове Святы Айцец падзякаваў манаскай супольнасці за гасціннасць і падкрэсліў, што прыбыў у манастыр як пілігрым. “Думаю, што мае папярэднікі – асабліва святы Павел VI, які беатыфікаваў і кананізаваў святога Шарбэля – вельмі хацелі б зрабіць тое ж самае”, - заўважыў ён.
Папа адзначыў, што галоўная спадчына святога Шарбэля, які не пакінуў пісьмовых тэкстаў і вёў замкнёнае і маўклівае жыццё, - гэта яго прыклад. Ён вучыць “тых, хто жыве без Бога, як маліцца, тых, хто жыве ў шуме, як быць маўклівымі, тых, хто жыве напаказ, як быць сціплымі, а тых, хто імкнецца да багацця, як быць беднымі”, - сказаў Святы Айцец.
Пантыфік нагадаў, што святы Шарбель ніколі не пераставаў заступацца за людзей перад Нябесным Айцом. Яшчэ пры жыцці ён прымаў людзей, якія прыходзілі па суцяшэнне, прабачэнне і параду Пана, а пасля смерці яго заступніцтва памножылася і стала “ракой міласэрнасці”. “Таму ў 22-гі дзень кожнага месяца тысячы пілігрымаў з усяго.свету прыязджаюць сюды, каб правесці дзень у малітве і абнавіць свае душы і цела”, - нагадаў Папа.
Леў XIV даручыў заступніцтву святога Шарбэля патрэбы Касцёла, Лівана і ўсяго свету, асабліва молячы аб адзінстве ў Касцёле і аб міры ў Ліване і на Блізкім Усходзе. Ён нагадаў, што сапраўдны мір нараджаецца з навяртання сэрцаў, і папрасіў святога Шарбэля дапамагчы людзям звярнуцца да Бога і атрымаць дар навяртання.
У якасці сімвала святла, якое Бог запаліў праз святога Шарбэля, Папа прынёс у дар манастыру лампаду. Ён даручыў апецы гэтага святога Ліван і яго народ, “каб той заўжды ішоў у святле Хрыста”.
“Дзякуй Богу за дар святога Шарбэля! Дзякуй усім вам за захаванне памяці пра яго. Працягвайце ісці ў святле Пана!” - пажадаў Папа.
