Вокладка кнігі "Практыка Божай прысутнасці” Вокладка кнігі "Практыка Божай прысутнасці” 

Папа: брат Лаўрэнцій вучыць жыць штодня ў прысутнасці Бога

19 снежня 2025 года выйшла ў свет кніга “Практыка прысутнасці Бога”, прадмову да якой напісаў Леў XIV.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Ватыканскае выдавецтва LEV апублікавала кнігу “Практыка прысутнасці Бога” (“La pratica della presenza di Dio”), у прадмове да якой Пантыфік разважае пра духоўную спадчыну брата Лаўрэнція Уваскрасення – французскага кармеліта, які жыў у XVII стагоддзі.

Гэтая невялікая кніга надае асноўную ўвагу практыцы прысутнасці Бога ў штодзённым жыцці. Разам з творамі святога Аўгустына і іншымі класічнымі хрысціянскімі тэкстамі, яна істотна паўплывала на духоўнае жыццё Льва XIV.

У прадмове Папа адзначыў, што шлях, прапанаваны братам Лаўрэнціем адначасова просты і складаны. Ён просты, бо не патрабуе нічога, акрамя пастаяннага ўспаміна пра Бога ў кароткіх жэстах хвалы, малітвы і пакланення, у кожнай справе і думцы. Але ён і складаны, бо патрабуе ўнутранага ачышчэння, адрачэння, навяртання, перамены мыслення і думак, а не толькі дзеянняў.

Вопыт яднання з Богам у брата Лаўрэнція апісваецца як асабістыя адносіны, поўныя сустрэч, дыялогу, нечаканасцей, упэўненага і поўнага даверу, падобныя да досведу вялікіх містыкаў, найперш Тэрэзы Авільскай. Аднак гэты шлях паказаны як просты і штодзённы, таму даступны кожнаму, - напісаў Папа.

Як і многія містыкі, брат Лаўрэнцій гаворыць з вялікай пакорай, але і з гумарам, разумеючы, што ўсё зямное – нават самае грандыёзнае і драматычнае – гэта дробязь у параўнанні з бясконцай любоўю Пана. Таму ён іранічна кажа, што Бог “падмануў” яго: ён пайшоўшы ў кляштар, каб прынесці сябе ў ахвяру і загладзіць грахі маладосці, а знайшоў там жыццё, поўнае радасці, - заўважыў Святы Айцец.

На шляху, які прапануе брат Лаўрэнцій, Божая прысутнасць паступова становіцца блізкай і напаўняе ўнутраную прастору чалавека, прыносячы радасць і духоўныя дары, і нават штодзённыя справы становяцца лёгкімі, - адзначыў Пантыфік.

Cведчанне гэтага кармеліта XVII стагоддзя, які з яснай верай прайшоў праз бурлівы і жорсткі час, можа быць натхненнем і дапамогай і для нас, людзей трэцяга тысячагоддзя. Яны паказваюць, што нішто не можа адлучыць нас ад Бога і што кожная справа, кожны занятак і нават кожная памылка набываюць бясконцую вартасць, калі пражываюцца ў Яго прысутнасці, - напісаў Папа.

Па словах Льва XIV, уся хрысціянская этыка можа быць абагульнена ў гэтай пастаяннай памяці пра прысутнасць Бога, якая ахоплівае не толькі розум, але і пачуцці, пераадольваючы маралізм і скарачэнне Евангелля да простага набору правіл. Як абяцаў нам Езус, даверыцца Айцу і жыць ў Яго прысутнасці ўжо тут, на зямлі, – значыць пакаштаваць прадсмак Раю.

19 снежня 2025, 10:33