Папа завяршыў візіт у Ліван заклікам да міру на Блізкім Усходзе

2 снежня 2025 года завяршылася апостальскае падарожжа Льва XIV у Ліван. У міжнародным аэрапорце імя Рафіка Харыры ў Бейруце прайшла цырымонія развітання. Папа падзякаваў ліванцам за гасціннасць і заклікаў да міру на Блізкім Усходзе.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Звяртаючыся да прэзідэнта, спікера Парламента, старшыні Савета Міністраў, прадстаўнікоў грамадзянскіх і рэлігійных улад, Пантыфік сказаў, што “часта з’язджаць цяжэй, чым прыязджаць”. Падчас візіту ён пераканаўся, што “людзі любяць збірацца разам, а не быць ізаляванымі”. Пакідаючы Ліван, ён захавае гэтую краіну ў сваім сэрцы, - падкрэсліў Святы Айцец. Ён запэўніў ліванцаў, што не развітваецца з імі, а спадзяецца рухацца наперад разам. “Мы спадзяёмся далучыць увесь Блізкі Усход да гэтага духу братэрства імкнення да міру, у тым ліку тых, хто сёння лічаць сябе ворагамі”, - сказаў Леў XIV.

Папа выказаў удзячнасць за праведзеныя разам дні і за магчымасць споўніць жаданне свайго папярэдніка, Францішка. Ён таксама падзякаваў за глыбокую пашану ліванскага народа да Найсвяцейшай Панны Марыі, за магчымасць памаліцца на магіле святога Шарбэля і адчуць духоўныя карані краіны. “Ваша гісторыя – каштоўная крыніца энергіі, якая можа падтрымаць вас на цяжкім шляху да будучыні!” – сказаў Папа, дадаючы, што быў глыбока крануты візітам у Порт Бейрута, дзе маліўся за ўсіх ахвяр выбуху.

За гэтыя некалькі дзён, нагадаў Леў XIV, ён сустрэў шмат людзей і паціснуў шмат рук, і гэтыя сустрэчы ўсялілі ў яго надзею. Ён адзначыў, што народ Лівана моцны, як кедры ў гарах, і плённы, як аліўкавыя дрэвы на раўнінах. Папа прывітаў рэгіёны Лівана, якія яму не ўдалося наведаць, і заклікаў спыніць атакі і ваенныя дзеянні. "Мы павінны прызнаць, што ўзброеная барацьба не прыносіць ніякай карысці. Зброя смяротная, а перамовы, пасярэдніцтва і дыялог канструктыўныя. Давайце аберэм мір як шлях, а не толькі як мэту!” - заклікаў ён.

Леў XIV нагадаў словы Яна Паўла II аб тым, што “Ліван – гэта больш, чым краіна: гэта пасланне!” “Давайце навучымся працаваць разам і спадзявацца разам, каб гэта стала рэальнасцю”, - заахвоціў ён.

“Няхай Бог благаславіць ліванскі народ, усіх вас, Блізкі Усход і ўсё чалавецтва! Shukran, ila al-liqa’! (Дзякуй і да пабачэння!)”, - сказаў Папа.

Цырымонія развітання ў бейруцкім аэрапорце
Цырымонія развітання ў бейруцкім аэрапорце   (ANSA)
02 снежня 2025, 12:58