Леў XIV: у цэнтры працоўных адносін павінны стаяць людзі і сем'і

18 снежня 2025 года Папа сустрэўся ў Ватыкане з італьянскімі кансультантамі па пытаннях працы з нагоды 60-годдзя заснавання іх прафесійнага аб'яднання. Ён падкрэсліў ключавую ролю гэтых спецыялістаў у абароне годнасці працоўных, пасярэдніцтве і гарантыі бяспекі.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Пантыфік нагадаў, што ў цэнтры любой працоўнай дзейнасці павінен стаяць не капітал, не законы рынку, не прыбытак, а чалавек, сем'і і іх дабро. Асаблівую ўвагу ён заклікаў надаваць патрэбам маладых сем’яў, бацькоў маленькіх дзяцей і тых, хто даглядае хворых ці пажылых родных. Ніводнае па-сапраўднаму цывілізаванае грамадства не можа дазволіць сабе забыцца ці занядбаць патрэбамі гэтых людзей. Сёння, калі тэхналогіі і штучны інтэлект усё часцей абумоўліваюць бізнес, кампаніі павінны ставіць на першае месца чалавечае вымярэнне, - сцвердзіў Святы Айцец.

Пасярэдніцтва паміж працадаўцамі і работнікамі

Леў XIV звярнуў увагу на ролю працоўных кансультантаў у пасярэдніцтве паміж кіраўніцтвам і супрацоўнікамі кампаній. Ён заклікаў пазбягаць дзвюх спакус: з аднаго боку, празмернай бюракратызацыі працоўных адносін, а з другога, адрыву ад рэальнага жыцця работнікаў. Гэта шкодна, таму што не дазваляе кампаніі дасягнуць “сінэргіі салідарнасці”.

Пантыфік заахвоціў гасцей “заўсёды трымаць вочы адкрытымі на людзей”, асабліва на тых, хто знаходзіцца ў складаным становішчы і мае менш шанцаў самастойна адстойваць свае інтарэсы. “Гэта вялікая справа справядлівасці і міласэрнасці”, - сказаў ён.

Гарантыя бяспекі

Папа падкрэсліў важнасць гарантыі бяспечных умоў працы і прафілактыкі няшчасных выпадкаў на вытворчасці. “На жаль, нават сёння занадта шмат няшчасных выпадкаў і "белых смерцяў" на працоўных месцах”, - адзначыў ён, нагадаўшы, што бяспека на працы падобная да паветра, якім мы дыхаем: мы ўсведамляем яго важнасць толькі тады, калі яго няма, заўсёды занадта позна. Таму прафілактыка лепш, чым лячэнне, - дадаў Святы Айцец.

Завяршаючы прамову, Леў XIV пажадаў кансультантам выконваць іх важную задачу з запалам і самаадданасцю, даверыў іх заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Юзафа, апекуна працоўных, благаславіў іх сем’і і павіншаваў усіх з надыходзячым Божым Нараджэннем.

18 снежня 2025, 13:40