Леў XIV: Блізкі Усход патрабуе адмовы ад логікі помсты
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
На заканчэнне Імшы на набярэжнай Бейрута Леў XIV, які прыбыў у Ліван як “пілігрым надзеі” ў Юбілейны год, скіраваў пранізлівае пасланне да хрысціян Усходу і ўсёй міжнароднай супольнасці.
Папа падкрэсліў, што прыехаў маліць Бога аб дары міру для гэтай зямлі, якая ўжо вельмі доўга пакутуе ад нестабільнасці і войнаў. Ён заахвоціў вернікаў не губляць надзеі нават тады, калі плён намаганняў прымушае сябе чакаць, і няспынна кіраваць позірк на Пана.
Новыя падыходы замест помсты
Пантыфік адзначыў жыццёвую неабходнасць змены ментальнасці ў рэгіёне. Блізкі Усход, паводле яго слоў, патрабуе новых падыходаў, якія дазволяць пераадолець палітычныя, грамадскія і рэлігійныя падзелы.
“Шлях узаемнай варожасці і разбурэння ў жаху вайны трываў занадта доўга”, - канстатаваў Леў XIV, заклікаючы адкрыць новыя раздзелы ў імя прымірэння і “выхаваць сэрцы для міру”, адкінуўшы менталітэт помсты.
Святы Айцец запэўніў у сваёй малітве за ўсе народы, якія пакутуюць ад вайны. Біскуп Рыма таксама скіраваў думкі да сітуацыі ў Гвінеі-Бісаў, выказаўшы спадзяванне на мірнае вырашэнне палітычных спрэчак, і ўспомніў ахвяр пажару ў Ганконгу, выказваючы спачуванне іх сем’ям.
Крык народаў аб міры
Асаблівая ўвага ў звароце была нададзена самому Лівану. Леў XIV звярнуўся да міжнароднай супольнасці з просьбай не шкадаваць намаганняў для прасоўвання дыялогу.
Папа скіраваў шчыры заклік да палітычных лідараў: “паслухайце крык вашых народаў, якія просяць аб міры!”. Ён нагадаў, што ўлада павінна служыць жыццю, агульнаму дабру і інтэгральнаму развіццю чалавека.
Напрыканцы сустрэчы Наступнік Пятра яшчэ раз падбадзёрыў мясцовых хрысціян, назваўшы іх паўнапраўнымі грамадзянамі гэтых зямель. Ён запэўніў, што ўвесь Касцёл глядзіць на іх з любоўю і захапленнем, і даверыў іх апецы Найсвяцейшай Панны Марыі.
