Інтэрв’ю ў палёце: пра геапалітыку, міратворчасць і асабістае
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Вяртаючыся з апостальскай пілігрымкі ў Ліван, Святы Айцец правёў традыцыйную сустрэчу з журналістамі. У шчырай размове, якая вялася на некалькіх мовах, Пантыфік закрануў шырокі спектр пытанняў: ад намаганняў Святога Пасада па ўсталяванні міру і ролі Еўропы ва ўкраінскім канфлікце да вельмі асабістых разважанняў пра свой выбар на канклаве.
Дыпламатыя цішыні і роля Еўропы
Адказваючы на пытанні журналістаў, Папа падкрэсліў, што праца Святога Пасада ў міратворчых працэсах пераважна непублічная. “Гэта тое, што мы ўжо рабілі і будзем працягваць рабіць, каб пераканаць бакі скласці зброю, адмовіцца ад насілля і сесці за стол дыялогу”, - адзначыў ён. Леў XIV пацвердзіў, што бачыў пасланне ад “Хезбалы” і паўтарыў заклік Касцёла да дыялогу.
Пантыфік выказаў надзею на ўстойлівы мір на Блізкім Усходзе. Ён паведаміў, што ўжо меў размовы з некаторымі сусветнымі лідарамі і плануе працягваць гэтыя намаганні як асабіста, так і праз дыпламатычныя каналы.
Ад асабістага аддання Богу да глабальнай дыпламатыі
На пытанне журналісткі з “Catholic News Service” пра тое, што ён адчуў падчас канклаву, Леў XIV зрабіў нечаканае прызнанне. “Яшчэ год ці два таму я таксама думаў, што аднойчы пайду на пенсію”, - пажартаваў ён. Аднак, калі стала відавочна, куды ідуць справы, ён “аддаўся” волі Бога. “Я глыбока ў гэта веру, - сказаў Папа. - Я зрабіў глыбокі ўдых і сказаў: вось мы, Пане, Ты – Гаспадар, Ты вядзеш”.
Каб зразумець яго духоўнасць, Святы Айцец параіў прачытаць кнігу брата Лаўрэнція (Brother Lawrence of the Resurrection, 1614–1691) “Практыка прысутнасці Бога” (The Practice of the Presence of God) – духоўную класіку XVII стагоддзя. Гэты просты твор, паводле яго слоў, апісвае духоўнасць, у якой чалавек проста аддае сваё жыццё Пану і дазваляе Яму весці.
Венесуэла: дыялог замест уварвання
Каментуючы крызіс у Венесуэле і чуткі пра магчымае ваеннае ўмяшанне з боку ЗША (ультыматум прэзідэнта Трампа), Леў XIV выказаўся адназначна. Ён паведаміў, што біскупы і нунцый шукаюць спосабы супакоіць сітуацыю на карысць народа, які пакутуе больш за ўсіх.
"Я лічу, што лепш шукаць дыялог нават пад ціскам, чым дапусціць ваенную аперацыю ці ўварванне", - падкрэсліў Пантыфік.
Украіна, Еўропа і будучыя падарожжы
Закранаючы тэму вайны ва Украіне, Папа выказаў занепакоенасць рызыкай эскалацыі і новымі формамі канфлікту, такімі як кібератакі. Ён адзначыў, што хоць першапачаткова ЗША прасоўвалі мірны план без удзелу Еўропы, яе прысутнасць застаецца важнай.
“Я думаю, што роля Італіі магла б быць вельмі важнай. Культурна і гістарычна Італія мае здольнасць быць пасрэднікам”, - сказаў Леў XIV, дадаўшы, што Святы Пасад будзе заахвочваць да такой медыяцыі.
Гаворачы пра будучыя падарожжы, Папа адзначыў, што спадзяецца наведаць Афрыку, у прыватнасці Алжыр, каб прайсці шляхамі святога Аўгустына і працягнуць дыялог з ісламскім светам. Таксама ў планах застаецца візіт у Лацінскую Амерыку.
Заклік да адзінства ў разнастайнасці і дыялогу ўнутры Касцёла і паміж рэлігіямі
Леў XIV заклікаў еўрапейцаў мець “крыху менш страху” перад ісламам. Ён адзначыў, што страхі часта спараджаюцца праціўнікамі іміграцыі. У якасці станоўчага прыкладу ён прывёў Ліван, дзе хрысціяне і мусульмане жывуць разам і дапамагаюць адно аднаму.
Каментуючы “Сінадальны шлях” у Германіі, Пантыфік прызнаў існаванне адрозненняў, але падкрэсліў важнасць павагі да інкультурацыі. У той жа час ён выказаў занепакоенасць тым, што не ўсе галасы ў Касцёле ў Германіі былі пачуты, і заклікаў да далейшага дыялогу, каб гарантаваць, што нямецкі шлях не адыдзе ад шляху Паўсюднага Касцёла.
Адказваючы на пытанне пра тое, які дар пакутлівы Касцёл Блізкага Усходу можа прапанаваць Захаду, Леў XIV звярнуў увагу на праблему адзіноты. Ён заўважыў, што заходняя моладзь часта жыве ў ізаляцыі экранаў і індывідуалізму. Прыклад усходніх хрысціян, якія ведаюць цану абдымкам, чалавечай падтрымцы і сапраўднаму адзінству, з'яўляецца жыццёва неабходным лекам для сучаснага свету.
