Папа – моладзі: дапамажыце свету расквітнець надзеяй

Змяняць рух гісторыі, перамагаючы зло любоўю, - заклікаў Леў XIV моладзь, з якой сустрэўся ўвечары 1 снежня 2025 года на плошчы перад Мараніцкім Антыяхійскім Патрыярхатам у горадзе Бкерке ў Ліване.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Пантыфік падзякаваў моладзі за цёплы прыём, асаблівым чынам вітаючы юнакоў і дзяўчат з Сірыі і Ірака, а таксама з іншых рэгіёнаў Лівана. “Assalamu lakum” (Супакой вам!), - сказаў па-арабску Святы Айцец.

Папа назваў “светлымі зоркамі ў цёмнай ночы” сведчанні мужнасці, надзеі і міру пасярод цяжкасцей і канфліктаў, якімі некалькі маладых людзей падзяліліся на пачатку сустрэчы. Леў XIV заклікаў не апускаць рукі перад абліччам войнаў і сацыяльнай несправядлівасці, якія знявечваюць свет, заклікаўшы моладзь змяняць рух гісторыі, перамагаючы зло дабром і захоўваючы надзею.

Перамагаць зло дабром

“У вас ёсць час! У вас ёсць больш часу, каб марыць, планаваць і рабіць дабро. Вы – сучаснасць, і будучыня ўжо ў вашых руках. У вас ёсць энтузіязм, каб змяніць рух гісторыі”, - падкрэсліў Пантыфік, нагадваючы, што па-сапраўднаму супрацьстаяць злу можна не злом, а толькі любоўю, “здольнай гаіць нашы ўласныя раны, калі мы клапоцімся пра раны іншых”.

Сустрэча з моладдзю ў Ліване
Сустрэча з моладдзю ў Ліване   (@Vatican Media)

Чэрпайце з добрых каранёў

Леў XIV звярнуў увагу на сумленную працу многіх людзей, якія спрыяюць міру ў ліванскім грамадстве, заклікаўшы моладзь браць з іх прыклад. “Чэрпайце з добрых каранёў намаганні тых, хто служыць грамадству, а не выкарыстоўвае яго для ўласных інтарэсаў. Праз велікадушныя высілкі на карысць справядлівасці разам будуйце будучыню міру і развіцця. Будзьце лімфай надзеі, якой чакае краіна!”, - заахвоціў Пантыфік.

Без прабачэння няма справядлівасці і міру

Папа заклікаў моладзь мець давер да Хрыста і нагадаў, што сапраўдны мір наступае “калі робім іншым тое, што хацелі б, каб іншы зрабіў нам”. “Святы Ян Павел ІІ казаў, што “няма міру без справядлівасці, а справядлівасці няма без прабачэння”. Менавіта так: з прабачэння нараджаецца справядлівасць, якая з’яўляецца асновай міру”, - дадаў Святы Айцец.

Сустрэча з моладдзю ў Ліване
Сустрэча з моладдзю ў Ліване   (@Vatican Media)

Сапраўдная любоў не можа быць часовай

Пантыфік заахвоціў юнакоў і дзяўчат будаваць трывалыя адносіны, падкрэсліўшы, што любоў і бескарыслівасць з’яўляюцца для іх неад’емнымі патрабаваннямі. “Калі ў цэнтры сяброўства ці любові знаходзіцца наша эга, гэтыя адносіны не могуць быць плённымі. Таксама мы не любім па-сапраўднаму, калі любім толькі часова, толькі пакуль захоўваецца пачуццё. Любоў, абмежаваная часам, гэта любоў, абмежаваная якасцю”, - сказаў ён, падкрэсліўшы, што сапраўдная сяброўства пачынаецца тады, калі “ты”, становіцца вышэй за “я”.

Сустрэча з моладдзю ў Ліване
Сустрэча з моладдзю ў Ліване   (AFP or Licensors)

Будуйце лепшы свет

Святы Айцец заўважыў, што менавіта любоў найлепшым чынам выяўляе прысутнасць Бога ў свеце. “Любоў прамаўляе на мове, зразумелай усім, бо прамаўляе да кожнага сэрца. Яна не з’яўляецца ідэалам, а гісторыяй, адкрытай у жыцці Езуса і святых, якія з’яўляюцца нашымі спадарожнікамі сярод жыццёвых выпрабаванняў. Глядзіце, у прыватнасці, на шматлікіх маладых людзей, такіх як вы, якія не апусцілі рукі перад абліччам несправядлівасці і анты-сведчання, якое атрымалі таксама ў Касцёле, але паспрабавалі пракласці новыя шляхі, шукаючы Божага Валадарства і Яго справядлівасці. З дапамогай сілы, якую атрымліваеце ад Хрыста, будуйце лепшы свет у параўнанні з тым, які атрымалі”, - заклікаў Папа, падкрэсліўшы, што “сапраўднае абнаўленне, якога прагне маладое сэрца, пачынаецца са штодзённых жэстаў: прыняцця бліжняга і далёкага, рукі, працягнутай сябру і бежанцу, з цяжкага, але абавязковага прабачэння ворага”.

Дапамагаць свету расквітнець надзеяй

Леў XIV заклікаў моладзь рабіць дабро і несці мір у свет, будучы кантэмплятыўнымі, як святы Шарбэль: маліцца, чытаць Святое Пісанне, удзельнічаць у святой Імшы і адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту. “Дарагая моладзь Лівана, расціце моцнымі, як кедры, і дапамагайце свету расквітнець надзеяй”, - завяршыў сваю прамову Папа.

Сустрэча з моладдзю ў Ліване
Сустрэча з моладдзю ў Ліване   (AFP or licensors)
01 снежня 2025, 17:45