Пантыфік: мір пачынаецца з паўсядзённых адносін, жэстаў і слоў

Памірыцца з чалавекам – важней за любы падарунак, які можна купіць у краме, бо сапраўдны мір жыве ў сэрцы, - сказаў Леў XIV падчас сустрэчы з членамі італьянскага руху “Каталіцкая акцыя”.

Марыя Валодзіна - Vatican News

19 снежня 2025 года Папа сустрэўся ў Ватыкане з юнакамі і дзяўчатамі італьянскага руху “Каталіцкая акцыя”, а таксама з кіраўніцтвам, педагогамі і супрацоўнікамі, якія суправаджаюць моладзь на духоўным шляху. Ён падкрэсліў, што назва руху добра адлюстроўвае яго сутнасць: юнакі і дзяўчаты з’яўляюцца вучнямі Езуса, сведкамі Евангелля і спадарожнікамі ў духоўным падарожжы Касцёла.

Падчас Адвэнту моладзь, як заўсёды, падрыхтавала яслі ў дамах, школах і парафіях. Разглядаючы фігуры святога Юзафа, Маці Божай, пастухоў, асла і быка, яны маглі заўважыць, што сёлетні дэвіз іх руху рэалізаваны: “ёсць месца для ўсіх”. Папа адзначыў, што вакол Пана, які стаў чалавекам дзеля нашага збаўлення, сапраўды ёсць месца для кожнага. Калі Сын Божы прыходзіць у свет, Ён стукае ў наша сэрца і адначасова адкрывае сваё, каб вітаць усіх з любоўю, - сказаў Святы Айцец.

Пантыфік заклікаў моладзь маліцца перад яслямі і імкнуцца быць як анёлы, якія абвяшчаюць людзям славу Божую і мір на зямлі. Ён нагадаў, што сапраўдны мір – гэта не толькі адсутнасць войнаў, але і сяброўства паміж народамі на аснове справядлівасці, пачынаючы з нашых паўсядзённых адносін, жэстаў і слоў, якімі мы абменьваемся у сям’і, парафіі, школе і спартыўных гуртках. Папа заклікаў перад святой каляднай ноччу падумаць пра чалавека, з якім можна памірыцца: такі жэст будзе найкаштоўнейшы за любы падарунак, які можна купіць у краме, таму што сапраўдны мір жыве ў сэрцы.

Леў XIV прывёў прыклады святых П’ера Джорджа Фрасаці і Карла Акуціса, якія ўдзельнічалі ў гэтым моладзевым руху. Ён заклікаў гасцей пераймаць іх запал да Евангелля і дабрачыннасці, каб стаць сапраўднымі сведкамі Езуса, быць “вольнымі і шчаслівымі, гатовымі працягнуць руку блізкаму, асабліва тым, хто ў бядзе”.

Напрыканцы сустрэчы Святы Айцец пажадаў усім членам “Каталіцкай акцыі” і іх сем’ям усяго найлепшага і ад усяго сэрца благаславіў іх.

19 снежня 2025, 13:59