Папа: лідары Цэркваў могуць сустрэцца ў 2033 годзе ў Іерусаліме
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Падчас пералёту з Турцыі ў Ліван 30 лістапада 2025 года Святы Айцец паразмаўляў з журналістамі, якія суправаджалі яго на борце самалёта. “Я рады вітаць вас, спадзяюся, што вы правялі такія ж цудоўныя дні ў Турцыі, як і я. Думаю, што гэта быў цудоўны досвед”, - сказаў Святы Айцец, звяртаючыся да прадстаўнікоў СМІ.
Турцыя – прыклад мірнага суіснавання рэлігій
Адно з пытанняў, адрасаваных Пантыфіку, датычылася ролі Турцыі ва ўстанаўленні рэгіянальнага і глабальнага міру. Паводле слоў Папы, сёння Турцыя можа быць прыкладам мірнага суіснавання паміж мусульманскай большасцю і шматлікімі невялікімі хрысціянскімі супольнасцямі.
“Я б сказаў, што гэта прыклад таго, да чаго мы ўсе імкнёмся ва ўсім свеце. Нягледзячы на рэлігійныя, этнічныя і многія іншыя адрозненні, людзі могуць жыць у міры”, - сказаў ён, прызнаючы, што ў гісторыі Турцыі былі моманты, калі гэта ўдавалася не заўсёды.
Роля Турцыі ва ўстанаўленні міру ў Газе і Украіне
Журналістаў таксама цікавілі размовы Святога Айца з прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Эрдаганам адносна сітуацыі ў сектары Газа і ва Украіне. Папа адзначыў, што па абедзвюх тэмах паміж імі адбыўся абмен меркаваннямі.
Гаворачы пра канфлікт на Блізкім Усходзе, Пантыфік нагадаў, што Святы Пасад ужо на працягу гадоў публічна падтрымлівае прапанову аб існаванні дзвюх дзяржаў – ізраільскай і палестынскай.
“Мы ўсе ведаем, што на дадзены момант Ізраіль яшчэ не згодны з гэтым варыянтам, але мы лічым яго адзіным рашэннем, якое можа пакласці канец канфлікту, што працягваецца. Мы таксама сябры Ізраіля і спрабуем пасярэднічаць паміж двума бакамі, каб дапамагчы наблізіцца да справядлівага рашэння для ўсіх. Я размаўляў пра гэта з прэзідэнтам Эрдаганам – ён, канешне, згодны з такой прапановай”, - сказаў Папа, падкрэсліўшы, што Турцыя можа адыграць важную ролю ў гэтым працэсе.
“Тое ж самае датычыць і Украіны. Некалькі месяцаў таму, калі ўзнікла магчымасць дыялогу паміж Украінай і Расіяй, прэзідэнт вельмі дапамог склікаць абодва бакі. На жаль, мы дагэтуль не бачым рашэння, але сёння зноў ёсць канкрэтныя прапановы адносна міру. І мы спадзяёмся, што прэзідэнт Эрдаган, дзякуючы сваім адносінам з прэзідэнтамі Украіны, Расіі і ЗША, зможа дапамагчы ў гэтым сэнсе, спрыяючы дыялогу, спыненню агню і пошуку шляхоў спынення гэтага канфлікту, гэтай вайны ва Украіне”, - падкрэсліў Леў XIV.
Агульнахрысціянскі Юбілей Адкуплення
Пантыфік расказаў журналістам, што пасля экуменічнай сустрэчы ў Нікеі лідары Цэркваў, якія бралі ў ёй удзел, абмяркоўвалі магчымыя будучыя сустрэчы. “Адной з іх можа быць 2033 год – дзве тысячы гадоў Адкуплення, Уваскрасення Езуса Хрыста, што, відавочна, з’яўляецца падзеяй, якую хочуць адзначыць усе хрысціяне. Ідэя была прынята. Мы яшчэ не зрабілі запрашэння, але ёсць магчымасць, напрыклад, у 2033 годзе адзначыць гэтую вялікую падзею Уваскрасення ў Іерусаліме. Наперадзе яшчэ шмат гадоў, каб падрыхтавацца да гэтага”, - сказаў Папа.
