Леў XIV падчас візіту ў каталіцкі шпіталь у Ліване: тут жыве Езус

Апошні дзень падарожжа ў Ліван Папа пачаў з візіту ў каталіцкі шпіталь “De la Croix” у мястэчку Джаль-эд-Дзіб каля Бейрута – адну з найбуйнейшых на Блізкім Усходзе медыцынскіх устаноў для людзей з псіхічнымі разладамі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Я рады сустрэцца з вамі. Гэта было маё жаданне, бо тут жыве Езус: як у вас, хворыя, так і ў тых, хто клапоціцца пра вас – у законніцах, урачах, медыцынскіх работніках і ўсім персанале”, - сказаў Папа 2 снежня 2025 года, вітаючы супольнасць бальніцы.

Шпіталь заснаваў у 1919 годзе благаслаўлёны айцец Жак Якуб з Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў. Клопат пра хворых ён даручыў манахіням з кангрэгацыі Сясцёр Францішканак Святога Крыжа, таксама заснаванай ім. На сённяшні дзень у структуры кожны год атрымліваюць дапамогу больш за дзве тысячы чалавек.

Візіт у шпіталь “De la Croix” у Джаль-эд-Дзібе
Візіт у шпіталь “De la Croix” у Джаль-эд-Дзібе   (@Vatican Media)

Звяртаючыся да медыцынскага персаналу, Пантыфік назваў іх клопат пра хворых датыкальным знакам спагадлівай любові Хрыста і параўнаў іх працу з учынкам евангельскага Добрага Самараніна. Папа заклікаў работнікаў бальніцы не апускаць рукі перад цяжкасцямі і заўсёды мець перад вачыма дабро, якое яны маюць магчымасць учыніць. “Гэта вялікая справа ў вачах Бога!”, - падкрэсліў ён.

Леў XIV адзначыў, што дзейнасць, якая ажыццяўляецца ў шпіталі, папярэджвае ўвесь Ліван і нават усё чалавецтва, што “мы не можам забываць пра самых слабых, не можам уяўляць грамадства, якое мчыцца на поўнай хуткасці, трымаючыся за фальшывыя міты дабрабыту і ігнаруючы мноства сітуацый беднасці і ўразлівасці”. Святы Айцец заклікаў памятаць, што Евангелле патрабуе ад хрысціян клапаціцца пра бедных, пакуты якіх з’яўляюцца пакутамі самога Хрыста.

Пантыфік запэўніў хворых у тым, што яны знаходзяцца ў сэрцы Бога, Які дорыць ім сваю пяшчоту праз рукі і ўсмешкі тых, хто клапоціцца пра іх. “Кожнаму з вас сёння Пан паўтарае: Я люблю цябе, жадаю табе дабра, ты – маё дзіця. Ніколі пра гэта не забывайцеся!”, - заахвоціў на заканчэнне сустрэчы Святы Айцец.

Візіт у шпіталь “De la Croix” у Джаль-эд-Дзібе
Візіт у шпіталь “De la Croix” у Джаль-эд-Дзібе   (@Vatican Media)
02 снежня 2025, 09:46