Праекцыя меноры на будынку Сіднейскага опернага тэатра ў памяць пра ахвяр тэракту Праекцыя меноры на будынку Сіднейскага опернага тэатра ў памяць пра ахвяр тэракту  (AFP or licensors)

Тэракт у Сіднеі: Святы Айцец накіраваў спачуванні

Леў XIV накіраваў спачуванні ў сувязі з тэрарыстычным нападам на яўрэйскую супольнасць Сіднея ў Аўстраліі, які адбыўся 14 снежня 2025 года і прывёў да гібелі шаснаццаці чалавек; некалькі дзясяткаў былі паранены.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“З глыбокім сумам даведаўшыся пра жахлівы напад, які адбыўся ў Сіднэі, у выніку якога загінулі члены яўрэйскай супольнасці, сабраныя на святкаванне Ханукі, Яго Святасць Папа Леў XIV запэўнівае ў сваёй духоўнай блізкасці ўсіх, хто пацярпеў ад гэтага бессэнсоўнага акту гвалту”, - гаворыцца ў тэлеграме, скіраванай за подпісам кардынала-дзяржсакратара П’етра Параліна на імя арцыбіскупа Сіднея Энтані Фішэра.

“З адноўленай надзеяй на тое, што схільныя да гвалту навернуцца і стануць на шлях міру і салідарнасці, Яго Святасць моліцца аб выздараўленні тых, хто ўсё яшчэ аднаўляецца, а таксама аб суцяшэнні для тых, хто аплаквае страту блізкіх”, - падкрэсліваецца ў папскім пасланні.

Тэракт падчас святкавання Ханукі на пляжы Бандай у раёне Кэмпбэл-Парад здзейснілі два тэрарысты: адзін з іх быў забіты паліцыяй, а другі арыштаваны пры дапамозе бяззбройнага мясцовага жыхара. На цяперашні момант вядома пра шаснаццаць ахвяр, у тым ліку дзяцей. Сярод загінулых – два рабіны: Элі Шлангер і Якаў Левітан.
 

15 снежня 2025, 15:19