Святы Айцец: не пакідаць моладзь на “лаве запасных”

Папа прыняў удзельнікаў праекта італьянскага епіскапату, дзякуючы якому маладыя людзі вучацца адказнасці, справядлівасці і прадпрымальніцтву, становячыся актыўнымі ўдзельнікамі грамадскага і сацыяльнага жыцця.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

21 лютага 2026 года Леў XIV прыняў на аўдыенцыі каля 350 удзельнікаў праекта “Policoro” – ініцыятывы Канферэнцыі Біскупаў Італіі, якая рэалізуецца з 1995 года з мэтай барацьбы з беспрацоўем сярод моладзі і выхавання маладых пакаленняў у духу каталіцкіх каштоўнасцяў.

Шматлікія добрыя плёны

“За трыццаць гадоў вы пасеялі вялізарную колькасць дабра, пра якое варта расказаць: моладзь, якая ўключылася ў грамадскае і палітычнае жыццё; людзі, матываваныя Евангеллем і сацыяльным вучэннем Касцёла”, – сказаў Святы Айцец.

Пантыфік заўважыў, што дзякуючы праекту “былі сказаны шматлікія “не” карупцыі, эксплуатацыі і несправядлівасці; канфіскаваная ў мафіі маёмасць стала сацыяльнымі праектамі, узніклі кааператывы, якія ажывілі гарады і рэгіёны”. Акрамя таго, многія маладыя людзі атрымалі падтрымку ў адкрыцці ўласнай справы, і была праведзена вялікая праца ў школах і парафіях, накіраваная на фармаванне разумення сапраўднага сэнсу працы, справядлівасці, міру і адказнасці за агульнае дабро.

Ніхто не павінен заставацца на “лаўцы запасных”

“Дзякую за ўсё дабро, якое вы пасеялі! Дзякую за яснае ўсведамленне таго, што ніводны малады чалавек не павінен заставацца на “лаве запасных”, але павінен атрымаць падтрымку ў рэалізацыі сваіх мараў і паляпшэнні свету”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Касцёл, які служыць свету

Пантыфік адзначыў, што праект “Policoro” з’яўляецца плёнам фантазіі Касцёла, які не проста хоча рабіць нешта для моладзі, але робіць маладых людзей галоўнымі дзеючымі асобамі іх шляху і будучыні кожнай тэрыторыі. “Разам з вамі мы з’яўляемся Касцёлам, які служыць свету, як закваска служыць цесту”, – дадаў Папа.

Чатыры фундаментальныя рэсурсы

Святы Айцец пажадаў, каб дзейнасць праекта абапіралася на чатыры фундаментальныя рэсурсы. Першы – Евангелле, якое “можа па-сапраўднаму змяняць жыццё людзей і дапамагаць людзям за шляху”.

Другі – сацыяльнае вучэнне Касцёла, якое трэба вывучаць, “каб любіць гэты час”, мець “прылады для інтэрпрэтацыі рэальнасці” і “будаваць грамадства, адпаведнае Божай задуме любові да чалавецтва”.

Трэці рэсурс – супольнасць, бо праца, эканоміка, палітыка і камунікацыя “трымаюцца не на лідарах-адзіночках, а на экспертах у сацыяльных адносінах”. Пантыфік заўважыў, што менавіта супольнасць дае “ўмовы для таго, каб расквітнела жыццё”.

Чацвёрты рэсурс, згаданы Папам – гэта прыклады святых і сведкаў веры, сацыяльная дзейнасць якіх стала крыніцай абнаўлення ў грамадскай і дабрачыннай дзейнасці.

“Існуе рака святасці, якая зрабіла ўрадлівай нашы супольнасці. Гэта канкрэтны знак таго, што Бог не пакідае нас. Ён палюбіў нас, працягвае любіць і не стамляецца станавіцца прысутным дзякуючы людзям, здольным перамяняць сацыяльнае жыццё і евангелізаваць свет працы. Вучыцеся ў іх адвазе і штодзённай адкрытасці на Божую ласку”, - заклікаў Пантыфік удзельнікаў праекта “Policoro”.

 

21 лютага 2026, 12:34