Гуманітарная дапамога для Украіны. Ілюстрацыйнае фота Гуманітарная дапамога для Украіны. Ілюстрацыйнае фота 

Леў XIV накіраваў гуманітарную дапамогу ўкраінцам

Папа накіраваў ва Украіну гуманітарны груз, у склад якога ўвайшлі 80 электрагенератараў, лекі, дабаўкі і прадукты харчавання. Дапамога прызначана для насельніцтва, якое пакутуе ад вайны і моцных марозаў.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Заклік Папы падтрымаць украінцаў, якія моцна церпяць ад наступстваў бамбардзіровак, што зноў закранулі энергетычную інфраструктуру, знайшоў сваё ўвасабленне ў ініцыятыве салідарнасці апостальскай элемазінарыі. Па даручэнні Пантыфіка кардынал Конрад Краеўскі накіраваў ва Украіну тры грузавікі з 80 генератарамі.

Гуманітарная дапамога, адпраўленая з рымскай базілікі святой Сафіі, ужо прыбыла ў Фастаў і Кіеў, якія моцна пацярпелі ад апошніх абстрэлаў. Груз прызначаны для мірнага насельніцтва, якое ўжо чатыры гады жыве ў ваенных умовах. З-за нізкіх тэмператур многія ўкраінцы вымушаныя пакідаць свае дамы і шукаць прытулак у ацяпляльных сховішчах, дзе, дзякуючы генератарам, яны могуць сагрэцца і атрымаць гарачую ежу.

Разам з генератарамі ва Украіну адправілі медыкаменты – антыбіётыкі, супрацьзапаленчыя сродкі і дабаўкі, у тым ліку мелатанін, які спрыяе сну.

Гуманітарны груз прыбыў ва Украіну
Гуманітарны груз прыбыў ва Украіну   (cardinale Krajewski)

Як паведаміла Дыкастэрыя па міласэрным служэнні, у бліжэйшы час будзе завершана падрыхтоўка яшчэ аднаго гуманітарнага грузу з тысячамі ўпаковак антыбіётыкаў, прэпаратаў супраць запалення і гіпертэнзіі, а таксама прадуктамі харчавання. Пасля прыбыцця дапамогі ва Украіну яе размеркаванне будзе ажыццяўляцца праз парафіяльныя сеткі розных дыяцэзій.

Хваля бескарыслівай салідарнасці стала магчымай дзякуючы падтрымцы дабрачынных арганізацый, фармацэўтычных кампаній, кампаніі “Procter & Gamble” і шматлікіх людзей добрай волі, якія не стамляюцца дапамагаць тым, хто пакутуе.

10 лютага 2026, 10:29