Леў XIV да духавенства Рыма: евангелізацыя – гэта прыярытэт

Надаць прыярытэт евангелізацыі, наладзіць супрацоўніцтва паміж парафіямі і быць блізкімі да моладзі заклікаў Леў XIV духавенства Рымскай дыяцэзіі, з якім сустрэўся 19 лютага 2026 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Пантыфік падзякаваў святарам за служэнне ў складаным сацыяльным і касцельным кантэксце, пазначаным неспрыяльнымі культурнымі зменамі і ахалоджаннем людзей да веры. Перад абліччам шматлікіх выклікаў, якія перажывае дыяцэзія, ён у першую чаргу адзначыў важнасць абнаўлення евангелізацыі.

Вярнуцца да абвяшчэння Евангелля

“Неадкладна трэба вярнуцца да абвяшчэння Евангелля: гэта прыярытэт. З пакорай, але таксама не паддаючыся адчаю, мы павінны прызнаць, што “частка нашых ахрышчаных людзей не адчувае сваёй прыналежнасці да Касцёла”, а гэта запрашае нас быць пільнымі да “сакрамэнталізацыі без іншых формаў евангелізацыі”, - сказаў Папа, заклікаючы “зноў паставіць у цэнтр парафіяльнага душпастырства абвяшчэнне Евангелля, каб шукаць шляхі і спосабы, якія дапамогуць людзям зноў увайсці ў кантакт з абяцаннем Езуса”.

Спрабаваць новыя спосабы перадачы веры

“У гэтым кантэксце хрысціянская ініцыяцыя, якая часта падпарадкавана школьнаму рытму, павінна быць перагледжана: трэба паспрабаваць іншыя спосабы перадачы веры, таксама і па-за класічнымі шляхамі, каб імкнуцца па-новаму заахвоціць дзяцей, моладзь і сем’і”, - дадаў Леў XIV.

Заняпад рэлігійнай практыкі

Пантыфік нагадаў, што “звычайнае душпастырства было структуравана згодна з класічнай мадэллю, якая ў першую чаргу дбае пра забеспячэнне ўдзялення сакрамэнтаў, але гэтая мадэль прадугледжвае, што вера пэўным чынам перадаецца таксама асяроддзем, грамадствам і сям’ёй”. “На самай жа справе культурныя і антрапалагічныя змены апошніх дзесяцігоддзяў кажуць нам, што гэта больш не так, і нават больш – мы назіраем рост заняпаду рэлігійнай практыкі”, - сказаў Папа.

Супрацоўніцтва паміж парафіямі

Святы Айцец заўважыў, што евангелізацыйны выклік патрабуе аб’яднання намаганняў. Ён заклікаў духавенства перамагаць спакусу самадастатковасці і наладзіць супрацоўніцтва, асабліва паміж суседнімі парафіямі, дзеліцца дарамі і патэнцыялам, займацца супольным планаваннем і пазбягаць накладкі ініцыятыў. “Патрэбна большая каардынацыя, якая, далёкая ад быцця пастырскім прыёмам, з'яўляецца выразам нашага святарскага адзінства”, - сказаў Пантыфік.

Блізкасць да моладзі

Папа заахвоціў святароў быць блізкімі да моладдзі: звярнуць увагу на глыбокую экзістэнцыяльную нястачу, у якой жывуць многія маладыя людзі, на іх разгубленасць, шматлікія цяжкасці, феномены, з якімі яны сустракаюцца ў віртуальным свеце, а таксама на сімптомы агрэсіўнасці, якая часам выяўляецца ў гвалце.

“У нас няма простых рашэнняў, якія дадуць нам хуткія вынікі, але, наколькі гэта магчыма, мы можам заставацца ўважлівымі да маладых людзей, быць побач з імі, прымаць іх, крыху раздзяліць іх жыццё”, - сказаў Леў XIV.

Падтрымліваць адзін аднаго

Напрыканцы прамовы Пантыфік выказаў словы падтрымкі маладым святарам. “Ва ўсё больш складаным і ўсё менш задавальняючым сацыяльным і касцельным кантэксце існуе рызыка хутка вычарпаць свае сілы, назапасіць фрустрацыю і ўпасці ў адзіноту. Я заклікаю вас захоўваць штодзённую вернасць у адносінах з Панам і працаваць з запалам, нават калі сёння вы не бачыце плёнаў апостальства. У першую чаргу я заклікаю вас ніколі не замыкацца ў сабе: не бойцеся размаўляць, таксама пра вашу стомленасць і вашы крызісы, асабліва з вашымі сабратамі, якіх лічыце здольнымі дапамагчы вам. Ад усіх нас патрабуецца ўменне слухаць і быць уважлівымі, з дапамогай якога можна канкрэтным чынам жыць святарскім братэрствам. Давайце суправаджаць і падтрымліваць адзін аднаго”, - заахвоціў духавенства сваёй дыяцэзіі Папа.
 

19 лютага 2026, 12:11