Кардынал Палікарп Пэнга Кардынал Палікарп Пэнга 

Папа з уздзячнасцю ўспамінае памерлага кардынала Пэнга

Папа выказаў спачуванні духавенству, манаству і свецкім вернікам архідыяцэзіі Дар-эс-Салама ў Танзаніі ў сувязі са смерцю кардынала Палікарпа Пэнга. Іерарх адышоў у вечнасць 19 лютага 2026 года ва ўзросце 81 года.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“З удзячнасцю за яго шматгадовае адданае служэнне ў якасці біскупа ў некалькіх мясцовых Касцёлах, асабліва за яго клопат пра фармацыю духавенства, а таксама за яго ўклад у працу Сімпозіума Біскупскіх Канферэнцый Афрыкі і Мадагаскара і, што не менш важна, за яго служэнне Апостальскай Сталіцы, я яднаюся з вамі, давяраючы душу гэтага мудрага і лагоднага пастыра міласэрнасці Хрыста, Добрага Пастыра”, - гаворыцца ў тэлеграме, якую Леў XIV скіраваў на імя арцыбіскупа Дар-эс-Салама Джуда Тадэуша Руваічы.

Кардынал Пэнга нарадзіўся ў 1944 годзе і на працягу дзесяцігоддзяў займаў ключавыя пасады ў Касцёле Танзаніі. Ён быў біскупам Начынгвеа і Тундуру-Масамба, а з 1992 па 2019 год – арцыбіскупам Дар-эс-Салама. У 1998 годзе іерарх быў узведзены ў годнасць кардынала Папам Янам Паўлам II. З 2007 па 2013 год займаў пасаду старшыні Сімпозіума Біскупскіх Канферэнцый Афрыкі і Мадагаскара.
 

21 лютага 2026, 12:21