Леў XIV у дыялогу з духавенствам: шчыра пра выклікі Рыма
Аляксандр Амяльчэня – Vatican News
Чатыры пытанні ад прадстаўнікоў розных пакаленняў прэзбітэрыя сталі асновай для глыбокай і непасрэднай размовы Пантыфіка з духавенствам яго дыяцэзіі. Гэты дыялог, які адбыўся 19 лютага ў Зале Паўла VI, дазволіў закрануць тэмы, што хвалююць святароў у іх штодзённым служэнні – ад выхавання моладзі да праблем старэйшага пакалення.
Першае пытанне ад ксяндза Франчэска Мелонэ тычылася “лічбавай ізаляцыі” моладзі. Леў XIV падкрэсліў, што сучасныя падлеткі часта маюць “сяброў” толькі ў смартфоне, адчуваючы пры гэтым велізарную пустэчу. Пантыфік заклікаў святароў быць не проста “аніматарамі”, а стаць сведкамі сапраўднага сяброўства з Хрыстом, выходзячы насустрач людзям праз спорт, мастацтва і культуру.
Сапраўдная пропаведзь Евангелля – гэта не прадукт алгарытмаў, а досвед веры
Адказваючы на пытанне аб інкультурацыі Евангелля ў постмадэрне, Папа зрабіў яркую заўвагу адносна штучнага інтэлекту. “Супрацьстаяць спакусе рыхтаваць гаміліі з дапамогай штучнага інтэлекту”, - заклікаў ён, патлумачыўшы, што тэхналогіі ніколі не змогуць падзяліцца асабістым вопытам сустрэчы з Богам. На думку Святога Айца, людзі ў парафіях хочуць бачыць веру святара, а не бездакорна складзены машынай тэкст.
Тэма братэрства выклікала асабліва вострую дыскусію. Леў XIV адкрыта назваў “клерыкальную зайздрасць” (invidia clericalis) сапраўднай пандэміяй, якая руйнуе камунію. Ён параіў святарам самім праяўляць ініцыятыву: сустракацца не праз экран, а ўжывую, разам маліцца, вучыцца і нават проста абедаць, каб пераадолець ізаляцыю.
Старасць і хвароба – гэта не канец служэння, а асаблівы шлях вернасці
Завяршальнае пытанне пра сталых святароў дало магчымасць Льву XIV паразважаць аб удзячнасці. Ён нагадаў аб тым, што нават прыкаваны да ложка святар нясе каштоўную місію праз малітву. Папа таксама заахвоціў духавенства не пакідаць практыку духоўнага суправаджэння і споведзі, бо “кожны чалавек праходзіць праз моманты болю, і вельмі важна мець кагосьці мудрага побач”.
Напрыканцы сустрэчы Святы Айцец выказаў задавальненне ад магчымасці такога шчырага абмену думкамі, пажадаўшы ўсім святарам плённага Вялікага посту як часу навяртання і радасці.
