Папа: накіроўваць да Бога ўсё сваё жыццё і сэрца

У попеле мы адчуваем цяжар палаючага свету: гарадоў, разбураных вайной, міжнароднага права і справядлівасці, экасістэм і згоды паміж народамі, таго пачуцця святога, якое жыве ў кожнай істоце, - падкрэсліў Леў XIV у Папяльцовую сераду, 18 лютага 2026 года.

Марыя Валодзіна - Vatican News

З нагоды пачатку Вялікага посту на старажытным рымскім пагорку Авенцін прайшла традыцыйная пакаянная працэсія з касцёла святога Анзэльма да базілікі святой Сабіны, дзе адбылася святая Імша з абрадам благаслаўлення і пасыпання галоў попелам. “Стацыйнае” набажэнства ўзначаліў Папа. У гаміліі ён нагадаў словы прарока Ёэля, які заклікаў збіраць народ, не выключаючы нікога – дзяцей, нават немаўлят, старых, слабых, – каб разам пакаяцца і шукаць Божага прабачэння. Вялікі пост – гэта не толькі асабістая справа, але і магчымасць для ўсей супольнасці прызнаць свае грахі і дзейнічаць сумесна дзеля справядлівасці, - падкрэсліў Пантыфік. “Як рэдка можна знайсці дарослых, прадпрыемствы і ўстановы, якія прызналі свае памылкі!” – адзначыў ён.

Папа заўважыў, што сёння, асабліва сярод моладзі, назіраецца асаблівы водгук на абрад Папяльцовай серады. Маладыя людзі ўсведамляюць, што магчымы больш справядлівы лад жыцця і існуе адказнасць за тое, што ідзе не так у Касцёле і свеце. Таму трэба пачынаць з таго, што можна, і з тымі, хто гатовы ісці разам, бо цяпер “час спрыяльны і дзень збаўлення” (пар. 2 Кар 6:2). Вялікі пост не для таго, каб адцягнуць нас ад працы над сабой, а для таго, каб дапамагчы іншым у пошуку сапраўднага абнаўлення жыцця ў святле Божага Валадарства.

Шэсцьдзесят гадоў таму, праз некалькі тыдняў пасля завяршэння Другога Ватыканскага Сабора, Павел VI правёў абрад пасыпання галоў попелам падчас агульнай аўдыенцыі ў Базіліцы Святога Пятра. Ён назваў яго “суровай і ўражлівай пакаяннай цырымоніяй”, а таксама рэалістычнай педагагічнай практыкай, якая дапамагае ўбачыць жыццё і лёс чалавека ў правільным святле, - адзначыў Леў XIV. Ён дадаў, што абрад пакаяння дапамагае сучаснаму чалавеку ўбачыць свае ілюзіі і асвятляе песімізм нашага часу, калі культура сцвярджае марнасць усяго і сум жыцця.

Сёння ў попеле мы адчуваем цяжар палаючага свету: попел гарадоў, разбураных вайной, міжнароднага права і справядлівасці, экасістэм і згоды паміж народамі, крытычнага мыслення і старажытных мясцовых ведаў, а таксама таго пачуцця святога, якое жыве ў кожнай істоце. Прызнанне нашых грахоў ужо з'яўляецца прадвеснікам і сведчаннем Уваскрасення: яно азначае, што мы не застаемся сярод попелу, але ўздымаемся і аднаўляемся. Пасхальны Трыдуум, які мы будзем адзначаць на піку Вялікага посту, раскрые ўсю сваю прыгажосць і значэнне, паказваючы шлях ад смерці да жыцця і ад бяссілля да магчымасцяў Бога, - адзначыў Пантыфік.

Па словах Папы, старажытныя і сучасныя мучанікі – гэта піянеры на шляху да Вялікадня, а старажытная рымская традыцыя велікапосных стацый вучыць нас быць пілігрымамі і ісці па слядах гэтых сведак. Іх жыццё – гэта насенне, якое прынесла багаты ўраджай, які мы павінны сабраць. Вялікі пост вучыць не шукаць чалавечай славы, а бачыць тое, што нараджаецца і расце, і заахвочвае нас служыць яму, накіроўваючы да Бога ўсё сваё быццё, усё сэрца.

18 лютага 2026, 18:18