Леў XIV – місіянерам: служыць перыферыям свету
Марыя Валодзіна – Vatican News
21 лютага 2026 года Леў XIV сустрэўся з Місіянерамі-аблатамі Беззаганнай Панны Марыі з нагоды 200-годдзя зацвярджэння іх статута і рэгулы, а таксама з Сёстрамі Маці Божай Апосталаў з нагоды 150-годдзя заснавання іх супольнасці. Ён падкрэсліў, што, нягледзячы на розную гісторыю, супольнасці маюць шмат агульнага: перыяд заснавання, краіну паходжання і, перш за ўсё, місіянерскае пакліканне служыць найбольш патрабуючым.
Святы Айцец нагадаў дэвіз аблатаў – “Ён намасціў Мяне абвяшчаць Добрую Навіну ўбогім” (пар. Іс 61:1; Лк 4:18) – і падкрэсліў мужнасць іх заснавальніка святога Яўгена дэ Мазэно, які пераканаўча абараняў годнасць бедных і распаўсюджваў місію ў Канадзе, Еўропе, Афрыцы і Азіі. Сёння больш за тры тысячы аблатаў нясуць служэнне ў каля сямідзесяці краінах, з асаблівай увагай да “перыферый” свету і адкрытасцю да розных культур. Папа заклікаў іх захоўваць дух вытокаў і любіць Касцёл як маці, прысвячаючы яму жыццё і місіянерскую руплівасць.
Звяртаючыся да Сясцёр Маці Божай Апосталаў, Пантыфік нагадаў іх дэвіз – “З Марыяй, Маці Езуса” (Дз 1:14). Айцец Аўгустын Планк заснаваў іх кангрэгацыю, каб забяспечыць удзел жанчын у місіянерскай дзейнасці ў Афрыцы. На яго запрашэнне быць "з Марыяй" і сведчыць пра Хрыста па ўсяму свету адгукнулася шмат жанчын з Францыі і іншых краін. Многія сёстры неслі місіянерскае служэнне ў цяжкіх умовах, некаторыя ахвяравалі жыццё.
Напрыканцы прамовы Папа нагадаў пра важную рысу, якая аб’ядноўвае абедзве супольнасці: “сямейны дух”. Заснавальнікі заклікалі сваіх паслядоўнікаў жыць як адна сям’я: шчыра і шчодра. Ён падкрэсліў, што такі дух нараджаецца з блізкасці з Богам, праз малітву, адарацыю, Эўхарыстыю, слуханне Божага слова і сакрамэнты. Менавіта адтуль у сэрцы расце дух адзінства, цеплыня, клопат і цярплівая блізкасць, якія адрозніваюць хрысціян і робяць іх адлюстраваннем Божай любові ў свеце, - сказаў Святы Айцец, дзякуючы супольнасцям за служэнне і ўдзяляючы ім сваё апостальскае благаслаўленне.
