Леў XIV да салезіянаў: працягвайце служэнне ў зонах вайны і беднасці

Падчас пастырскага візіту ў рымскую парафію Найсвяцейшага Сэрца Езуса Папа сустрэўся з членамі салезіянскай супольнасці, падзякаваў ім за працу з моладдзю і мігрантамі, а таксама заклікаў працягваць місію ў рэгіёнах, дзе пануюць вайна, канфлікты і беднасць.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Сустрэча прайшла ў цёплай атмасферы. Папа з усмешкай прызнаўся, што ў юнацтве, перш чым далучыцца да аўгустынцаў, наведваў салезіянскую супольнасць: “Вы занялі другое месца, прабачце!” – пажартаваў Леў XIV, распачаўшы сур’ёзную размову пра неабходнасць блізкасці Касцёла там, дзе людзі найбольш пакутуюць: "дзе ёсць вайна, дзе ёсць канфлікт, дзе ёсць беднасць”.

"Няпісаныя знакі" любові

Пасля прывітальнага слова рэктара кангрэгацыі Фабіа Атарда, Папа звярнуўся да прысутных з евангельскімі словамі пра “шмат іншых знакаў”, якія ўчыніў Езус і “пра якія не напісана ў гэтай кнізе” (Ян, 20-30). На яго думку, служэнне салезіянаў – гэта частка і выраз аднаго з такіх знакаў, пра якія не напісана ў кнізе, але напісана ў сэрцы Езуса. Салезіяне здзяйсняюць важную місію ў розных частках свету, у тым ліку там, дзе ідуць войны і існуе крайняя беднасць, - падкрэсліў ён.

Падтрымка найменшых

Пантыфік асабліва адзначыў адукацыйную і выхаваўчую працу кангрэгацыі: служэнне моладзі, выхаваўчае душпастырства, шматлікія сацыяльныя ініцыятывы ў розных краінах. У рымскім прывакзальным раёне Кастра-Прэторыа гэта служэнне праяўляецца ў дапамозе маладым людзям, у тым ліку замежнікам, якія могуць, напрыклад, наведваць курсы італьянскай мовы. Папа зноў пажартаваў, сказаўшы, што і сам ахвотна далучыўся б да такіх заняткаў.

Cэрца Хрыста і горада

Звяртаючыся да пастырскай рады парафіі, Папа папрасіў паапладзіраваць пробашчу ксяндзу Хав’еру Орцісу Радрыгесу і падкрэсліў, што базіліка служыць домам для “ракі пілігрымаў”, якія штодня праходзяць праз вакзал “Roma Termini”. Ён адзначыў, што “сэрца горада” і “Сэрца Езуса” злучаюцца тут асаблівым чынам праз справы міласэрнасці, гасціннасць, суправаджэнне, блізкасці Хрыста і блізкасці Касцёла да ўсіх людзей.

Заклік ісці разам

Напрыканцы сустрэчы Леў XIV падкрэсліў сінадальны характар пастырскай рады. Па яго словах, супрацоўніцтва розных парафіяльных груп і супольнасцяў з’яўляецца прыгожым сведчаннем касцёльнага жыцця. “Дзякуй за ўсё, што вы робіце”, - сказаў Папа.

23 лютага 2026, 13:15