Молімся разам з Папам: за святароў, якія перажываюць крызіс
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Молімся за святароў, якія перажываюць крызісныя моманты ў сваім пакліканні, каб яны маглі знайсці неабходнае духоўнае суправаджэнне і каб супольнасці падтрымлівалі іх у духу разумення і малітвы”, - так гучыць малітоўная інтэнцыя Святога Айца.
У відэароліку Пантыфік чытае малітву, давяраючы Езусу, Добраму Пастыру і спадарожніку на шляху, “усіх святароў, асабліва тых, хто праходзіць праз крызісы, калі адзінота становіцца цяжкай, сумневы азмрочваюць сэрца і стомленасць здаецца мацнейшай за надзею”.
“Ты, які ведаеш іх барацьбу і раны, аднаві ў іх упэўненасць у Тваёй безумоўнай любові. Зрабі так, каб яны не адчувалі сябе ні службовымі асобамі, ні героямі-адзіночкамі, але любімымі дзецьмі, пакорнымі і каштоўнымі вучнямі, і пастырамі, якіх падтрымлівае малітва Твайго народа.
Добры Айча, навучы нас, як супольнасць, клапаціцца пра нашых святароў: слухаць іх без асуджэння, дзякаваць, без патрабавання бездакорнасці, раздзяляць з імі місію ахрышчаных, абвяшчаць Валадарства праз словы і ўчынкі, суправаджаць іх блізкасцю і шчырай малітвай. Зрабі нас здольнымі падтрымліваць тых, хто часта падтрымлівае нас.
Дух Святы, аднаві ў нашых святарах радасць Евангелля. Дай ім здаровыя сяброўскія адносіны, сеткі братэрскай падтрымкі, крыху гумару, калі справы ідуць не так, як спадзяваліся, і ласку заўсёды зноў і зноў адкрываць прыгажосць свайго паклікання. Няхай яны ніколі не страцяць даверу да Цябе і радасці служэння Твайму Касцёлу з пакорным і шчодрым сэрцам”, - маліўся Святы Айцец.
